У чацвер, 14 лістапада, у Польшчы адзначаецца Дзень пажылых людзей. З гэтай нагоды дзяржаўная пасажырская чыгуначная кампанія PKP Intercity уводзіць акцыю для людзей старэйшых за 60 гадоў - пенсіянеры могуць купіць білет на цягнік усяго за 1 злоты.
Акцыя датычыць паездкі другім класам на ўнутраных чыгуначных лініях на цягніках катэгорыі TLK, IC, EIC, EIP 14 лістапада. За 1 злоты пажылыя людзі могуць падарожнічаць практычна ў любое месца, куды ходзяць цягнікі кампаніі. І незалежна ад адлегласці. Гаворыць прэс-сакратар PKP Intercity Мацей Дуткевіч.
- У свой дзень пажылыя людзі могуць, напрыклад, выехаць в Варшавы ў Кракаў, Уроцлаў альбо Гданьск, і ў той жа самы дзень вярнуцца дадому.
Білеты можна купіць у касах, у кандуктара, на сайце або ў мабільным прыкладанні PKP Intercity.
Акцыянернае таварыства PKP Intercity – найбуйнейшая ў краіне чыгуначная пасажырская кампанія. Поўны пакет акцый перавозчыка належыць дзяржаве.
PKP Intercity абслугоўвае цягнікі міжрэгіянальных і міжнародных спалучэнняў. Кампанія прапануе паездку чатырма катэгорыямі цягнікоў: эканом-класа TLK і InterCity, бізнес-класа Express InterCity і прэміюм-катэгорыі Pendolino Express InterCity Premium. Найбольшай папулярнасцю сярод пасажыраў карыстаюцца дзве першыя катэгорыі – у мінулым годзе паездку на іх выбрала больш за 90% кліентаў кампаніі.
У 2023 годзе PKP Intercity перавезла амаль 69 млн пасажыраў.
вс