106 571 злоты — столькі грошай было сабрана падчас сёлетняй дабрачыннай акцыі Першай праграмы Польскага радыё «Ялінкі Адзінкі». Слухачы купілі на аўкцыёне 20 дзіцячых малюнкаў на калядную тэматыку і 15 падарункаў ад вядомых дзеячаў свету культуры, спорту і журналістаў Польскага радыё. Грошы з аўкцыёну пойдуць людзям, якімі апякуецца Фонд вядомай польскай актрысы Анны Дымнай «Нягледзячы ні на што» (Mimo wszystko).
Актрыса падзякавала слухачам за тое, што ў іх ёсць жаданне дапамагаць.
- Шчыра дзякую ўсім дзецям за малюнкі, усім, хто нам ахвяраваў падарункі на аўкцыён. Усё гэта мы заменім ва ўсмешку і радасць.
На завяршэнне 23-й акцыі «Ялінкі Адзінкі» ў Канцэртнай студыі Польскага радыё імя Вітольда Лютаслаўскага адбудзецца калядны канцэрт Дароты Міскевіч.
З 2005 г. сродкі, сабраныя падчас дабрачыннай акцыі Першай праграмы Польскага радыё «Ялінкі Адзінкі» пералічваюцца ў Фонд Анны Дымнай «Нягледзячы ні на што». Штогод арганізатары атрымліваюць некалькі сотняў мастацкіх твораў, звязаных з Калядамі. Тыя, што атрымалі найбольшую ацэнку прафесійнага журы, выстаўляюцца на аўкцыён у эфіры Першай праграмы.
Ужо некалькі гадоў з малатка сыходзяць і рэчы, падораныя вядомымі людзьмі.
З моманту заснавання ў 2003 годзе Фонд Анны Дымнай «Нягледзячы ні на што» дапамог у лячэнні, рэабілітацыі і адукацыі больш чым 40 000 чалавек у Польшчы.
IAR/яс