З нагоды васьмідзесяцідзевяцігоддзя Польскага радыё для замежжа праграма мае падставы пахваліцца сваёй доўгай і багатай гісторыяй. Тут працавалі выдатныя прадстаўнікі польскай культуры, вядомыя журналісты.
Згадаем, напрыклад, Ерэмі Пшыбора і Міхала Суміньскага, Яану Клімовіч-Асманчык і Ежы Анджэеўскага, Рамуальда Карася, Ксаверыя Ясенскага, а таксама двух пазнейшых дырэктараў Польскай секцыі Радыё Свабодная Еўропа: Марэка Латыньскага і Пятра Мрочэка.
Першыя перадачы вяліся на польскай і ангельскай мовах на кароткіх хвалях, але прапанова хутка пашырылася і на іншыя мовы – нямецкую, чэшскую, вугорскую і партугальскую.
Перад Другой сусветнай вайной перадачы Польскага радыё для замежных слухачоў адыгрывалі важную інфармацыйную і папулярызатарскую ролю, ствараючы пазітыўны вобраз Польшчы ў свеце. На жаль, гэтая дзейнасць спынілася, калі Польшча, акупаваная Германіяй і Саветамі, страціла магчымасць самастойнай камунікацыі са светам.
Толькі эміграцыя і ўрад у выгнанні працягвалі сваю інфармацыйную дзейнасць, транслюючы перадачы на замежных радыёстанцыях.
Пасля заканчэння вайны, у кастрычніку 1945 году, Польскае радыё аднавіла вяшчанне для замежжа. Першапачаткова гэта былі гадзінныя праграмы, але з часам працягласць трансляцыі і колькасць моў павялічыліся. У 1949 годзе перадачы выходзілі па 10 гадзін у суткі.
Нягледзячы на тое, што ў Польскай Народнай Рэспубліцы пры камуністычнай уладзе станцыя выконвала пераважна прапагандысцкую ролю, ужо тады Польскае радыё для замежжа дасягнула значных поспехаў, мела вялі ахоп сярод слухачоў, распавядаючы пра польскую культуру. Да сярэдзіны 1950-х штодзённа транслявалася 68 гадзін праграм на замежных мовах.
У 1959 г. пачалося вяшчанне на эсперанта, што стала ўнікальнай падзеяй у сусветным маштабе і вялікай прывабнасцю для эсперантыстаў усяго свету. У 1968 годзе былі дададзеныя праграмы на арабскай мове.
Пасля падзення камунізму ў Польшчы ў дзейнасці Польскага радыё для замежжа адбылося шмат істотных змен: прыярытэтам стала перад усім надзейная інфармацыя, а таксама папулярызацыя польскай культуры, традыцыі, гісторыі, сучаснасці і прасоўванне сучаснага вобразу краіны за мяжой.
У цяперашні час праграма для замежжа выконвае сваю місію, даючы інфармацыю пра Польшчу на розных мовах. Акрамя польскамоўнага вяшчання для польскай дыяспары і палякаў за мяжой, мы вяшчаем таксама на англійскай, нямецкай, беларускай, украінскай і рускай мовах.
Акрамя таго, з 2022 года мы транслюем некалькі гадзін спецыяльную праграму для ўкраінцаў у Польшчы і ва ўсім свеце. Польскае радыё для Украіны можна слухаць усюды праз Інтэрнэт, а ў Польшчы таксама праз DAB+. Падкасты PRdU таксама неаднаразова рэтрансляваліся ва Украіне.
Іншыя праграмы даступныя не толькі ў эфіры, але і праз спадарожнік, кабельныя сеткі, і, вядома ж, у Інтэрнэце.
У 2024 годзе праграма для замежжа запусціла ўласныя падкасты не толькі на платформе Польскага радыё, але і на стрымінгавых сэрвісах (Spotify, Apple Podcasts, YouTube) і развіла дзейнасць у сацыяльных сетках на кожнай з моваў вяшчання.
Адным з прыярытэтаў праграмы сёння, калі на фоне інфармацыйных войнаў медыйная прастора ўсё больш напаўняецца ілжывымі паведамленнямі, стала супрацьдзеянне дэзінфармацыі і маніпуляцыі. Мы прадстаўляем аб'ектыўныя факты пра найважнейшыя падзеі, а таксама як мага больш праўдзівы польскі погляду на свет нашай аўдыторыі.
Прэсавыя матэрыялы