«Праца над дапаможнікам па бяспецы, які змяшчае інфармацыю аб тым, як паводзіць сябе падчас вайны і стыхійных бедстваў, набліжаецца да завяршэння», — заявіў у чацвер, 10 красавіка, кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Сямоняк, удакладніў, што спачатку будзе падрыхтавана электронная версія, а папяровая будзе выдадзена восенню.
«Мы вывучалі вопыт іншых краін, перш за ўсё Швецыі, дзе такі дапаможнік быў выдадзены летась. Ён павінен быць карысным, зразумелым, ён павінен датычыцца сітуацый, з якімі можа сутыкнуцца кожны, не толькі падчас вайны, але і падчас стыхійных бедстваў», — пераконваў міністр, удакладняючы, што пры стварэнні дакумента ўлічваецца рэальны досвед, у тым ліку, досвед вайны ва Украіне.
Нагадаем, з пачатку года Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы сумесна з Міністэрствам нацыянальнай абароны, а таксама Цэнтрам урадавай аховы працуюць над стварэннем так званага даведніка па бяспецы. Сярод іншага, брашура будзе змяшчаць інфармацыю аб тым, як выжыць у крызіснай сітуацыі на працягу 72 гадзін. Дапаможнік плануюць распаўсюдзіць сярод усіх грамадзян да канца года пры дапамозе «Польскай Пошты».
PAP/эж