Беларуская Служба

Польская чыгунка прызначае на Вялікдзень 40 дадатковых цягнікоў

17.04.2025 10:52
Амаль у столькі ж чыгуначных саставаў будуць прадоўжаныя маршруты. 
     PKP Intercity
Цягнік польскай дзяржаўнай пасажырскай кампаніі PKP Intercityкрыніца: PKP Intercity

Польская дзяржаўная пасажырская чыгуначная кампанія PKP Intercity на перыяд велікодных святаў прызначае 40 дадатковых міжрэгіянальных цягнікоў. У 38 чыгуначных саставаў будуць прадоўжаныя маршруты. 

У прыватнасці, дадатковыя цягнікі пойдуць з Варшавы ў Гданьск, Гдыню, Сопат, Пшэмысль, Уроцлаў і Кракаў. Да некаторых саставаў, напрыклад, у Ольштын, будуць дачэпленыя дадатковыя вагоны. Дадатковыя цягнікі на больш запатрабаваных трасах будуць курсаваць з 18 па 23 красавіка. 

Аператар рэгіянальных пасажырскіх цягнікоў Polregio таксама павялічыць колькасць саставаў практычна ва ўсіх польскіх ваяводствах. 

Акцыянернае таварыства PKP Intercity – другая па колькасці перавезеных пасажыраў чыгуначная кампанія ў Польшчы. Поўны пакет акцый перавозчыка належыць дзяржаве. 

PKP Intercity абслугоўвае цягнікі міжрэгіянальных і міжнародных спалучэнняў. Кампанія прапануе паездку чатырма катэгорыямі цягнікоў: эканом-класа TLK і InterCity, бізнес-класа Express InterCity і прэміюм-катэгорыі Pendolino Express InterCity Premium. Найбольшай папулярнасцю сярод пасажыраў карыстаюцца дзве першыя катэгорыі. 

У 2024 годзе PKP Intercity перавезла амаль 78,5 млн пасажыраў. 

Аператар мясцовых і рэгіянальных цягнікоў Polregio – гэта найбуйнейшая польская чыгуначная кампанія па колькасці перавезеных пасажыраў. У 2024 годзе цягнікі згаданага чыгуначнага аператара перавезлі амаль 101 млн пасажыраў – гэта амаль 16% агулу чыгуначных пасажырскіх перавозак у Польшчы. У сярэднім штодзень паслугамі кампаніі карыстаецца каля 300 тыс. чалавек.

вс