Беларуская Служба

«Пачобут у турме, каб мы, палякі, маглі вярнуцца дадому» — удзельнікі акцыі салідарнасці ў Беластоку

26.04.2025 06:30
Некалькі дзясяткаў чалавек прынялі ўдзел у пятніцу ўвечары ў Беластоку ў акцыі салідарнасці з палітзняволеным Анджэем Пачобутам — адным з лідараў польскай меншасці ў Беларусі.
Архіўнае фота Michal Kosc / Forum

У сакавіку споўнілася чатыры гады з моманту арышту Пачобута ў Гродне. З мая 2023 года ён адбывае васьмігадовы тэрмін пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ў Наваполацку, пасля таго як быў асуджаны за «падбухторванне і распальванне варожасці» і «заклікі да дзеянняў на шкоду Беларусі». Беларуская пракуратура абвінаваціла яго ў «рэабілітацыі нацызму», а пазней — у закліках да санкцый і дзеянняў на шкоду Беларусі.

Акцыі салідарнасці з Пачобутам праходзяць на плошчы побач з помнікам кс. Ежы Папялушка ў Беластоку амаль чатыры гады. Спачатку яны былі і ў падтрымку Анжэлікі Борыс. Пасля вызвалення з-пад варты прэзідэнта Саюза палякаў Беларусі ўдзельнікі штомесячных сустрэч выказваюць салідарнасць з Пачобутам. На плошчы ёсць інсталяцыя з яго выявай.

«Сітуацыя Анджэя Пачобута не змянілася, ён усё яшчэ знаходзіцца ў калоніі ў Наваполацку. Ён знаходзіцца ў поўнай інфармацыйнай ізаляцыі, сядзіць у турэмнай камеры. Адзіны спосаб звязацца з ім — гэта лісты, і час ад часу прыязджаюць яго адвакаты. Увогуле, сітуацыя вельмі складаная», — сказаў віцэ-прэзідэнт Саюза палякаў Беларусі Марэк Занеўскі.

Ён падкрэсліў, што рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца: «Палітзняволеных не стала менш». Ён запэўніў, што акцыі ў Беластоку будуць працягвацца, а таксама падзякаваў усім, хто прымае ў іх удзел. Ён таксама падзякаваў журналістам за тое, што яны паведамляюць пра гэта.

«Кожны раз, калі я бываю ў Беластоку, я заўсёды прыязджаю, бо гэта мой абавязак памятаць, гаварыць пра тое, што Анджэй Пачобут для мяне — прыклад мужнасці, ён герой, проста чалавек з тытана, і я веру, што ён усё гэта вытрымае», — сказала падчас сустрэчы Вольга Лісіца з аддзялення Лігі Саюза палякаў Беларусі.

Яна дадала, што за гэтую сітуацыю вінаваты не лёс, а «Лукашэнка і гэты жахлівы рэжым». «Яму там цяжка, вельмі цяжка, але ён у турме, каб мы, палякі, маглі вярнуцца дадому», — падкрэсліла Вольга Лісіца. 

«Я вельмі ўдзячная яму за гэта, за тое, што я цяпер тут на волі. Я лічу, што рэжым дыктатараў, Пуціна і Лукашэнкі, трымаецца доўга, але ўпадзе хутка. Таму што так не можа працягвацца столькі гадоў, столькі гадоў у маёй любімай Беларусі існуе хлусня, столькі гадоў людзей забіваюць, катаваюць, людзі баяцца адзін аднаго», — дадала Лісіца.

Прафесар Ганна Кежунь з Польскай абшчыны ўспамінала сваю апошнюю сустрэчу з Пачобутам, якая адбылася за некалькі месяцаў да яго арышту. Яна таксама падкрэсліла важнасць штомесячных сустрэч у Беластоку. «Такім чынам мы проста сведчым, што памятаем яго, што не забываем», — адзначыла яна.

Прафесар дадала, што гэта была акцыя салідарнасці таксама з іншымі палітычнымі зняволенымі ў Беларусі.

РАР/вх