Беларуская Служба

У Кракаве незадаволены пацыент забіў урача

29.04.2025 16:47
Злачынцу затрымала ахова бальніцы і перадала паліцыі.
Паліцыя перад Кракаўскім універсітэцкім шпіталемPAP/Art Service

У аўторак, 29 красавіка, 35-гадовы мужчына ўварваўся ў кабінет артапеда Кракаўскага ўніверсітэцкага шпіталя, калі там знаходзіўся іншы пацыент. Ён ударыў лекара нажом, паведамілі праваахоўныя органы.

Пасля нападу ўрач трапіў у рэанімацыю. Рэанімацыйныя мерапрыемствы працягваліся дзве гадзіны, але выратаваць лекара не ўдалося. Злачынцу затрымала ахова бальніцы і перадала паліцыі.

Старшыня Галоўнай лекарскай палаты Польшчы Лукаш Янкоўскі заклікаў выказаць салідарнасць з медыцынскім асяроддзем.

- Галоўнае сёння – выказаць салідарнасць і быць разам. Таму я заклікаю калегаў-лекараў заўтра хвілінай маўчання аддаць даніну памяці загінуламу ўрачу. Адначасова заклікаю прымацаваць да вопраткі чорную стужку ў знак салідарнасці і адначасова ў знак пратэсту, бо мы – супраць агрэсіі адносна медыцынскага персаналу.

Смяротна паранены ўрач спецыялізаваўся на хірургіі рукі, лічыўся адным з лепшых спецыялістаў у Кракаўскім універсітэцкім шпіталі.

вс