Сёння апошні дзень рэгістрацыі выбаршчыкаў, якія ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы плануюць галасаваць за мяжой. Як на гэты раз прагаласуюць палякі, якія пражываюць па ўсім свеце – невядома. Шмaт сведчыць пра тое, што ў другім туры вырашальнае значэнне будуць мець прыхільнікі трэцяга па колькасці галасоў кандыдата ад ультраправай «Канфедэрацыі» Славаміра Менцэна, які у другі тур выбараў не ўвайшоў, але сярод палякаў за мяжой карыстаўся большай папулярнасцю, чым супернік пераможцы Рафала Тшаскоўскага Караль Наўроцкі, якога падтрымлівае апаізцыйная правая партыя «Права і справядлівасць».
Сёння апошні дзень рэгістрацыі выбаршчыкаў, якія ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы плануюць галасаваць за мяжой. Гэта можна зрабіць асабіста ў Консульстве або анлайн – па электроннай пошце і праз сістэму E-wybory.
Выбаршчыкам, якія зарэгістраваліся да першага тура і будуць галасаваць у другім туры ў тым жа выбарчым участку, не трэба нічога рабіць. Прагаласаваць у іншым месцы, напрыклад, калі нехта ў першым туры галасаваў за мяжой, а ў другім жадае галасаваць у Польшчы або наадварот, можа альбо пасля атрымання пасведчання аб праве голасу альбо пасля падачы заявы аб змене выбарчага ўчастка.
Да гэтай пары больш за 650 000 палякаў, якія жывуць за мяжой, зарэгістраваліся для ўдзелу ў другім туры выбараў – гэта рэкорд.
Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Павел Вроньскі(Paweł Wroński) заявіў, што найбольшы рост колькасці заявак зафіксаваны ў ЗША і Вялікабрытаніі:
- Гэта краіны, у якіх традыцыйна, галасуе шмат, пражываючых там палякаў. Гаворка ідзе пра ЗША і Вялікабрытанію, але гэта таксама краіны поўдня Еўропы.
Таксама ў Празе зарэгістравалася больш людзей, чым два тыдні таму, то бок перад першым турам выбараў, паведаміў польскі консул Пётр Ляшчыньскі(Piotr Leszczyński):
- Мы бачым прагрэс. Большасць выбаршчыкаў зарэгістравалася пры дапамозе электроннай сістэмы. Я вельмі рады, што польскія грамадзяне вырашаюць скарыстацца такой магчымасцю.
Да ўдзелу ў другім туры выбараў суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой, заахвочваў міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі(Radosław Sikorski). Кіраўнік польскай дыпламатыі апублікаваў у сацыяльных сетках кароткі відэаролік на гэтую тэму:
- Дарагія суайчыннікі, апошні момант, апошні шанец, каб зарэгістравацца для галасавання за мяжой. Да 27 траўня можна гэта зрабіць у Консульстве, а да 29 траўня можна атрымаць пасведчанне, якое дазваляе галасаваць па ўсім свеце. Праверыць, дзе мы можам прагаласаваць, можна таксама пры дапамозе прыкладання m-obywatel.
Выбаршчыкі, якія не паспеюць зарэгістравацца ў спісе да канца дня, будуць мець яшчэ адну магчымасць, нагадвае польскі консул у Празе Пётр Ляшчынскі:
- Асобы зацікаўленыя ўдзелам у выбарах могуць падаць у Консульства заяву з просьбай выдаць пасведчанне права на ўдзел у галасаванні. Аднак ёсць адна ўмова – гэта можна зрабіць выключна да 29 траўня.
У Польшчы падаць заяўку на атрыманне пасведчання, якое дае права галасаваць за мяжой, можна ў муніцыпальнай адміністрацыі.
Пра тое, хто можа галасаваць за мяжой Дзяржаўная выбарчая камісія нагадвае ў адмысловым роліку:
- Можаш гэта зрабіць, калі ты пастаянна пражываеш за мяжой, або будзеш знаходзіцца там часова падчас выбараў і ў цябе дзейны польскі пашпарт. У сваю чаргу у краіне, у якую ты можаш уехаць на падставе ID-карты (ўнутранага пашпарта) – такога дакумента таксама хопіць дзеля галасавання.
Зарэгістравацца можна таксама пры дапамозе старонкі e-wybory.msz.gov.pl.
Нагадваем, у першым туры выбараў за мяжой прынялі ўдзел больш за 89% зарэгістраваных выбаршчыкаў, якіх па ўсім свеце было 524 000. Найбольшая колькасць палякаў была зарэгістравана ў Вялікабрытаніі – больш за 135 000. У Германіі – амаль 85 000, у ЗША – 43 000.
Безумоўным пераможцам выбараў за мяжой стаў Рафал Тшаскоўскі, за якога прагаласавалі 36,82% выбаршчыкаў. Другое месца заняў Славамір Менцэн (16,58%), трэцяе – Караль Наўроцкі (16,07%).
Паводле звестак Дзяржаўнай выбарчай камісіі, Рафал Тшаскоўскі відавочна перамог сярод палякаў, якія пражываюць у краінах Заходняй Еўропы.
У большасці краін рэгіёна другое месца заняў Славамір Менцэн. У сваю чаргу кандыдат, якога падтрымлівае «Права і справядлівасць» Караль Наўроцкі перамог у ЗША (42,3 %) і Канадзе (42,65%).
Рафал Тшаскоўскі перамог таксама ў Расіі (36,13%), дзе ў адзіным выбарчым участку ў краіне – у Маскве прагаласавалі 119 палякаў. Другое месца заняў Славамір Менцэн (20,17%), а Караль Наўроцкі – трэцяе ( 16,81%).
У Беларусі, таксама ў адзіным выбарчым участку ў Мінску, прагаласавала 99 выбаршчыкаў. Найвышэйшую падтрымку сярод палякаў, якія жывуць у Беларусі, атрымаў Рафал Тшаскоўскі – 30,3%. За ім ішлі два кандыдаты: Славамір Менцэн і Караль Наўроцкі, якія атрымалі па 20,2% галасоў польскай абшчыны ў Беларусі.
Да заканчэння кампаніі засталося чатыры дні. Паводле экспертаў, вырашальны голас падчас другога тура выбараў будуць мець выбаршчыкі, якія пакуль не ведаюць, за каго галасаваць.
Згодна з апошнім апытаннем IBRIS для Polskie Radio 24, згаданая група складае амаль з 8%. Паводле згаданага апытання, 45,7% апытаных заявілі, што прагаласуюць за Рафала Тшаскоўскага, 44,9% - за Караля Наўроцкага.
Гэта значыць, што розніца ў падтрымцы кандыдатаў мінімальная – тут вырашальным можа аказацца кожны голас.
Важна таксама, як будуць паводзіць сябе выбаршчыкі трэцяга па колькасці галасоў кандыдата з першага тура, то бок Славаміра Менцэна ад ультраправай «Канфедэрацыі», кажа Каміль Смагажэўскі(Kamil Smogorzewski) з інстытута IBRIS:
- Калі нават 20% прагаласуе за Тшаскоўскага, а 50% за Наўроцкага, то гэта не ўсе выбаршчыкі Менцэна. Калі дома застанецца 30%, можна сказаць, страціць Караль Наўроцкі.
Нагадваем, першы тур прэзідэнцкіх выбараў адбыўся 18 траўня. Ні адзін з 13 кандыдатаў, не атрымаў больш за 50% галасоў. Такім чынам, 1 чэрвеня адбудзецца паўторнае галасаванне (другі тур), у якім сустрэнуцца два кандыдаты, якія атрымалі найбольшую падтрымку ў першым туры, то бок кандыдат ад «Грамадзянскай кааліцыі» Рафал Тшаскоўскі (які атрымаў 31,36% галасоў) і кандыдат, якога падтрымлівае найбуйнейшая апазіцыйная правая партыя «Права і справядлівасць» Караль Наўроцкі (які атрымаў 29,54% галасоў).
IAR/аз