Сёння ў Варшаве прайшло паседжанне ўраду Польшчы, на якім, у прыватнасці, была абмеркаваная сітуацыя на польска-нямецкай мяжы. Прычынай унясення ў парадак дня гэтага пытання стала інфармацыя, што нямецкія памежнікі нібыта адпраўляюць мігрантаў у Польшчу з парушэннем працэдур.
Аднаўленне кантролю на мяжы з Германіяй павінна прадухіліць некантралюемы паток нелегальных мігрантаў – так прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск растлумачыў увядзенне праверак на польска-нямецкай мяжы. Яны пачнуцца ў панядзелак, 7 ліпеня.
Кіраўнік польскага ўраду сказаў, што адсутнасць кантролю стварае цяжкасці з вызначэннем таго, ці сапраўды людзей, якіх у Польшчу вяртаюць нямецкія пагранічнікі, трэба адпраўляць назад і ці яны насамрэч прыбылі з Польшчы.
Туск зазначыў, што рашэнне мае часовы характар, але польскі бок усведамляе яго наступствы для грамадзян, таму Памежная служба атрымала адпаведныя распараджэнні. Паводле прэм’ера, дзеянні на мяжы трэба звесці да мінімуму, каб кантроль не перашкаджаў у нармальным перамяшчэнні тавараў і людзей.
Аналагічныя правілы, як на мяжы з Германіяй, будуць дзейнічаць з 7 ліпеня і на польска-літоўскай граніцы.
вс