Беларуская Служба

У Польшчы выяўлены першы за шэсць гадоў выпадак халеры

20.07.2025 16:49
Халера – гэта вострая і надзвычай заразная кішачная бактэрыяльная інфекцыйная хвароба, выкліканая спажываннем заражанай ежы або вады.
         .
Польскі медык у ахоўным камбінезоне ў машыне хуткай медыцынскай дапамогі. Ілюстрацыйны здымакКрыніца: Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Першы за шэсць гадоў выпадак халеры ў Польшчы зафіксаваны ў бальніцы горада Старгард у Заходне-Паморскім ваяводстве. Інфармацыю пацвердзіў галоўны санітарны інспектар Польшчы Павал Гжэсёўскі. Ён сказаў, што актуальна санітарна-эпідэміялагічная служба працуе над лакалізацыяй крыніцы інфекцыі.

19 ліпеня халеру выявілі ў 74-гадовай жанчыны, якая ў цяжкім стане трапіла ў старгарскую бальніцу ў тэрапеўтычнае аддзяленне. Кіраўніцтва ўстановы ўвяло поўную забарону на наведванне ў гэтым аддзяленні і прызначыла пяцідзённы каранцін для ўсіх, хто кантактаваўся з хворай. Аддзяленне пройдзе поўную дэзынфекцыю. 26 чалавек з ліку медыцынскага персаналу, а таксама грамадзян, якія мелі кантакт з пацыенткай, ахопленыя каранцінам, а 85 чалавек – санітарна-эпідэміялагічным наглядам.

Пацыентка была перавезеная ў Шчэцін і цяпер праходзіць лячэнне ў інфекцыйным аддзяленні ваяводскай бальніцы. Яе стан стабільны.

Халера – гэта вострая і надзвычай заразная кішачная бактэрыяльная інфекцыйная хвароба, выкліканая спажываннем ежы або вады, заражанай халерным вібрыёнам. Асноўныя сімптомы хваробы – гэта моцны панос і інтэнсіўныя ваніты.

У Польшчы папярэдні выпадак захворвання быў зафіксаваны ў 2019 годзе ў марака з Індыі, судна якога прыбыло ў порт Свінауйсьце (таксама Заходне-Паморскае ваяводства).

Раней у Польшчы выпадкі халеры выяўляліся ў грамадзян, якія вярнуліся з-за мяжы. Жыхарка Старгарду ніколі за мяжой не была.

У гісторыі чалавецтва было некалькі пандэмій халеры, якія забралі мільёны жыццяў. У 19 стагоддзі адбылося некалькі пандэмій, і толькі падчас адной з іх, з 1846 па 1860 гады, у ЗША загінула больш за 150 тыс. чалавек, а ў Мексіцы - 200 тыс. Успышка халеры ў В'етнаме ў 1849 годзе забрала жыцці, паводле ацэнак, ад 800 тыс. да 1 млн чалавек.

Актуальна выпадкі халеры, у тым ліку лакальныя эпідэміі, сустракаюцца, у прыватнасці, у Афрыцы і Азіі.

вс