Ва ўзросце 69 гадоў пасля працяглай хваробы памёр адзін з найбольш вядомых польскіх военачальнікаў, генерал рода войск (генерал-палкоўнік – рэд.) Вальдэмар Скшыпчак.
Вайсковую службу Скшыпчак пачаў у 1976 годзе пасля заканчэння Познаньскай вышэйшай афіцэрскай школы танкавых войск. Прайшоў вайсковую службу ад паручніка да генерала, камандуючы ў чарговасці ўзводам, ротай, палком і дывізіямі.
Генерал-палкоўнік Вальдэмар Скшыпчак. 2009 год. Крыніца: prezydent.pl
У 1984 годзе закончыў Акадэмію Генеральнага штаба Войска Польскага. З 2006 года да 2009-га быў камандуючым Сухапутных войск Узброеных сіл Польшчы. Узначальваў таксама Шматнацыянальную дывізію «Цэнтр-Поўдзень» у Іраку. У 2012-2013 гадах займаў пасаду намесніка міністра абароны па пытаннях узбраення і мадэрнізацыі, пасля выхаду ў адстаўку быў дарадчыкам прэзідэнта і міністра абароны Польшчы.
Генерал Скшыпчак часта выказваўся ў СМІ па пытаннях, звязаных з войскам, у тым ліку датычных Беларусі. Так, у красавіку 2024 года Скшыпчак пракаментаваў агрэсіўныя мілітарысцкія выказванні Лукашэнкі ў бок Польшчы. «Беларуская армія – гэта куча металалому. У Лукашэнкі няма чым пужаць», – сказаў Скшыпчак. «У яго застаўся металалом, які ён крыху мадэрнізаваў, і цяпер ездзіць каля мяжы, робіць шмат грукату і пужае, нібыта гэта – танкавая армія», – казаў Вальдэмар Скшыпчак. Паводле польскага генерала, «гэтую кучу металалому мы б знішчылі цягам 2-3 гадзін».
Вальдэмар Скшыпчак таксама прапанаваў задумацца над стварэннем беларускіх часцей у польскай арміі. Ён звяртаў увагу на тое, што колькасць грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі, вялікая.
«Ва Украіне ваюе полк Каліноўскага, набраны з беларусаў. Што перашкаджае ЕС пачаць ставіць перад Лукашэнкам выразныя пэўныя ўмовы?», – гаварыў польскі генерал, заклікаючы «выставіць Мінску рахунак за бандытызм».
вс