Польшча будзе выкарыстоўваць досвед Канады ў сферы ядзернай энергетыкі. Пытанні супрацоўніцтва абмяркоўваліся падчас сустрэчы прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска з кіраўніком урада Канады Маркам Карні, які ў панядзелак, 25 жніўня, наведаў Варшаву з афіцыйным візітам.
«Нам патрэбныя надзейныя партнёры, гатовыя да вельмі цеснага супрацоўніцтва ў галіне ядзернай энергетыкі, а таксама ў іншых ініцыятывах, звязаных з аднаўляльнымі крыніцамі энергіі. Вопыт Канады будзе для нас вельмі карысным. Мы таксама размаўлялі пра паглыбленне супрацоўніцтва паміж Канадай і Польшчай у ваеннай сферы, у пытаннях бяспекі, выведкі і ўзбраенняў», — адзначыў Дональд Туск.
Прэм’ер Польшчы падкрэсліў, што гаворка ідзе як пра дапамогу ў цяперашніх умовах расійскай агрэсіі, так і пра падтрымку Украіны пасля заканчэння вайны.
Польшча з’яўляецца найбуйнейшым гандлёвым партнёрам Канады ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. У 2024 годзе польскі экспарт у Канаду склаў больш за 2 млрд долараў, імпарт адтуль — каля 1 млрд долараў. На працягу апошніх гадоў Польшча стабільна фіксуе станоўчае сальда ў гандлі з Канадай.
IAR/эж