Урад Польшчы пакуль не вызначыў дату адкрыцця памежных пераходаў з Беларуссю. Межы былі закрытыя з-за беларуска-расійскіх ваенных вучэнняў ЗАХАД-2025.
Рэгламент у гэтым пытанні дзейнічае да далейшага паведамлення, нагадаў прэс-сакратар урада Адам Шлапка:
– Міністр унутраных спраў і адміністрацыі пасля правядзення аналізу ў справе бяспекі і размовы з міністрам інфраструктуры, міністрам фінансаў і гаспадаркі будзе прымаць рашэнне. І ў адпаведны момант мы пра гэта праінфармуем.
Закрыццё чыгуначных пераходаў на мяжы з Беларуссю заблакавала праезд грузавых цягнікоў, якія перавозілі грузы паміж Еўропай і Кітаем.
30 грузавых цягнікоў штодня перасякалі мяжу, кажа намеснік міністра інфраструктуры Пётр Малепшак:
– Найбольш істотныя кірункі – Малышэвічы, Цяраспаль. Там цягнікоў праязджала найбольш, і яны мусяць быць перанакіраваныя на іншыя трасы, найперш праз польска-літоўскую мяжу. Але частка цягнікоў цяпер затрыманая і чакае сканчэння гэтых манеўраў і адкрыццё мяжы.
Намеснік міністра Малепшак падлічыў, што выдаткі, выкліканыя затрымкамі ў дастаўцы тавараў, могуць дасягнуць мільёнаў злотых. Пытанне аб магчымай кампенсацыі перавозчыкам, верагодна, будзе вырашана пасля адкрыцця мяжы.
IAR/вх