Польскія ёлкавыя ўпрыгожанні высока цэняцца па ўсім свеце. У выніку яны заваявалі многія рынкі, найбуйнейшым з якіх з'яўляюцца Злучаныя Штаты Амерыкі, куды ідзе больш за палову польскага экспарту ёлкавых цацак.
Паводле дадзеных Галоўнага статыстычнага ўпраўлення (GUS), у 2024 годзе экспарт гэтых далікатных твораў мастацтва прынёс айчынным вытворцам даход у памеры 124,8 мільёна злотых (больш за 29,6 мільёна еўра), што амаль на 1,5 мільёна злотых больш у параўнанні з папярэднім годам.
Тэндэнцыя да росту працягвалася і ў бягучым годзе. Да верасня кошт экспарту ўжо дасягнуў амаль 93 мільёнаў злотых (больш за 22 мільёны еўра), што сведчыць аб тым, што сёлетні сезон завершыцца з гістарычным вынікам.
Ключом да поспеху галіны зʼяўляецца нязменны попыт за мяжой. Злучаныя Штаты Амерыкі зʼяўляюцца стратэгічным рынкам для польскіх ёлкавых цацак. У мінулым годзе ЗША імпартавалі цацак на больш за 66,6 мільёна злотых (амаль 16 мільёнаў еўра). Упрыгожанні з Польшчы прадаюцца ў самых прэстыжных амерыканскіх універмагах, такіх як Neiman Marcus.
Усё ж Еўропа таксама высока ацэньвае майстэрства польскіх рамеснікаў. У 2024 годзе Германія імпартавала з Польшчы цацак прыкладна на 12,6 мільёна злотых (амаль 3 мільёны еўра), Аўстрыя – на 8,9 мільёна злотых (больш за 2 мільёны еўра), а Нідэрланды – 6,4 мільёна злотых (больш за 1,5 мільёна еўра).
Цікавай зʼявай, паводле аналітыкаў, зʼяўляецца хуткі рост папулярнасці польскіх цацак у Арменіі, якая купіла ёлкавых ўпрыгожанняў за 2,8 мільёна злотых (больш за 665 тысяч еўра), паднялася на 7-е месца сярод найбуйнейшых імпарцёраў. Гэта тым больш цікавае, што яшчэ некалькі гадоў таму краіна займала ўсяго далёкае 60-е месца ў гэтым рэйтынгу.
Ёлкавыя цацкі з Польшчы таксама адпраўляюцца ў такія экзатычныя месцы, як Танзанія, Коста-Рыка, Албанія і Аўстралія.
Пазіцыя Польшчы на сусветнай мапе ёлкавых упрыгожанняў тым больш унікальная, што польскія вырабы канкуруюць не па цане, як кітайскія, але па якасці. Польскі экспарт амаль выключна заснаваны на шкле і вырабах ручной работы, што пазіцыянуе цацкі з Польшчы, як прадмет раскошы.
аз