Прыкладанне «Дзе схавацца» будзе ўключаць месца размяшчэння ўсіх сховішчаў грамадзянскай абароны ў Польшчы, абвясціў міністр унутраных спраў і адміністрацыі Марцін Кярвіньскі. Сёння польскае МУС прэзентавала новае прыкладанне, якое зараз ахоплівае 70 000 сховішчаў грамадзянскай абароны ў краіне, якія змешчаныя на інтэрактыўнай мапе.
Прэзентуючы праграму, міністр Марцін Кярвіньскі (Marcin Kierwiński) падкрэсліў, што яна будзе паступова пашырацца:
- Зараз згаданае прыкладанне паказвае выключна тыя аб’екты, якія на дадзены момант гарантуюць грамадзянам бяспеку. У сваю чаргу ў будучыні, прыкладанне будзе пашыранае на ўсе сховішчы грамадзянскай абароны і месцы ўкрыцця грамадзян у надзвычайнай сітуацыі.
Новае прыкладанне «Дзе схавацца» заменіць ранейшую праграму «Сховішчы», якая выклікала занепакоенасць, між іншым, таму, што ўключала аб'екты, якія не адпавядалі крытэрыям бяспекі.
Праграма «Дзе схавацца» таксама дазваляе вызначыць маршрут да бліжэйшага сховішча ці месца ўкрыцця грамадзян. Акрамя таго, пры ейнай дапамозе можна будзе паведаміць пра ўласную інфраструктуру, якая можа служыць сховішчам у выпадку надзвычайнай сітуацыі.
Прыкладанне можна спампаваць на сайце gdziesieukryc.pl.
IAR/аз