Беларуская Служба

Польскія знішчальнікі перахапілі расійскі разведвальны самалёт над Балтыйскім морам

16.03.2026 17:02
Расійскі Іл-20 выконваў разведвальную місію без паведамлення пра план палёту і з выключаным транспондэрам.
 -29
Знішчальнік МіГ-29 ВПС Польшчы фота: Julian Herzog/CC BY 4.0/Wikimedia Commons

Польскія знішчальнікі перахапілі расійскі разведвальны самалёт над Балтыйскім морам. Аператыўнае камандаванне відаў Узброеных сіл Польшчы паведаміла, што самалёт не парушыў паветраную прастору Польшчы. Паводле заявы, сёлета расійскі самалёт Іл-20 выконваў сваю дзявятую разведвальную місію ў гэтым раёне. Ён ляцеў без паведамлення пра план палёту і з выключаным транспондэрам.

Польскія знішчальнікі МіГ-29 «паспяхова перахапілі, ідэнтыфікавалі і суправаджалі расійскі разведвальны самалёт». Аператыўнае камандаванне падкрэсліла, што аперацыі былі праведзены хутка «дзякуючы высокай гатоўнасці дзяжурных сіл, вопыту пілотаў і эфектыўнай працы сістэмы супрацьпаветранай абароны».

— Жаўнеры Войска Польскага штодня забяспечваюць бяспеку польскага неба, выконваючы свае абавязкі з поўнай самаахвярнасцю, а Узброеныя сілы знаходзяцца ў пастаяннай гатоўнасці рэагаваць на любыя пагрозы нашай паветранай прасторы, — чытаем у заяве Аператыўнага камандавання відаў Узброеных сіл Польшчы.

IAR/аз