Шэсць гектараў прыроднага запаведніка «Kozłowe Borki» ў Белавежскай пушчы згарэлі. Тушэнне пажару працягвалася 10 гадзін. Запаведнік размешчаны глыбока ў лесе, недалёка ад мяжы з Беларуссю.
Пажар успыхнуў учора (субота, 25 красавіка) да 16:00, а пажарныя завяршылі аперацыю а 2-й гадзіне ночы (нядзеля, 26 красавіка). Умовы былі вельмі цяжкімі, гаворыць прэс-сакратар Рэгіянальнай дырэкцыі «Дзяржаўных лясоў» у Беластоку Эвеліна Шклажэўская.
— Па прычыне цяжкіх умоваў надвор’я, то бок моцнага ветру, немагчыма было прыцягнуць да акцыі паветраныя судны «Дзяржаўных лясоў». З пажарам удалося справіцца дзякуючы добраму стану пажарных дарог. Дзякуючы ім пажарнікі з цыстэрнамі хутка даехалі на месца пажару.
На месца здарэння прыбылі восем пажарных машын з вадой. З агнём змагаліся дванаццаць пажарных каманд, як з Дзяржаўнай пажарнай службы, так і з Добраахвотнай пажарнай службы. Дапамагалі леснікі, Памежная служба і вайскоўцы.
Прычына пажару ў лесе застаецца невядомай.
ав