— Прэзідэнт выразна падкрэсліў, што працэс павелічэння прысутнасці амерыканскіх войскаў у Польшчы павінен быць падтрыманы, і чакае супрацоўніцтва з усімі цэнтрамі ўлады ў гэтым пытанні, — паведаміў у сацыяльных сетках кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі (BBN) Барташ Градэцкі.
Караль Наўроцкі сустрэўся з міністрам нацыянальнай абароны Уладзіславам Касінякам-Камышам і начальнікам Генеральнага штаба Войска Польскага генералам Веславам Кукулам, каб абмеркаваць гэтае пытанне.
Кіраўнік BBN Барташ Градэцкі напісаў у сацыяльных сетках, што «галоўнай тэмай размовы была бяспека нашага рэгіёну, з асаблівым акцэнтам на прысутнасць амерыканскіх войскаў у Польшчы».
Ён дадаў, што размяшчэнне амерыканскіх войскаў у Польшчы «ўмацоўвае ўсходні фланг НАТА, а таксама павышае ўзровень бяспекі і стрымлівання».
Агенцтва Reuters паведаміла ў пятніцу са спасылкай на двух амерыканскіх чыноўнікаў, якія выступілі ананімна, што Пентагон адмяніў планы ратацыйнай перадыслакацыі чатырох тысяч амерыканскіх салдат у Польшчу. CNN, у сваю чаргу, паведаміў са спасылкай на крыніцы ў ваенным міністэрстве ЗША, што рашэнне кіраўніка Пентагона Піта Хегсета прыпыніць запланаваную ратацыю амерыканскай бранятанкавай брыгады было часткай серыі крокаў, накіраваных на скарачэнне колькасці амерыканскіх войскаў у Еўропе.
Навіна аб тым, што разгортванне чарговай ратацыі брыгады ў Польшчы было прыпынена, выклікала рэакцыю польскага ўрада. Падчас прэс-канферэнцыі ў пятніцу прэм'ер-міністр Дональд Туск запэўніў, што ён і віцэ-прэмʼер-міністр Касіняк-Камыш падтрымліваюць сувязь, сярод іншых, з генералам Грынкевічам і генеральным сакратаром НАТА Маркам Рутэ.
— Гэтыя рашэнні маюць лагістычны характар і не паўплываюць на бяспеку Польшчы, — запэўніў кіраўнік урада.
Касіняк-Камыш абвясціў у пятніцу ўвечары ў эфіры TVN24, што ў сераду сустрэнецца з генералам Дэнам Кейнам, старшынёй Абʼяднанага камітэта начальнікаў штабоў ЗША. Раней генерал Кукула сустрэнецца з генералам Алексам Грынкевічам, камандуючым Узброенымі сіламі ЗША ў Еўропе.
PolsatNews/ав