Улады Польшчы плануюць ужо ў наступным годзе выбраць партнёра і тэхналогію для будаўніцтва другой атамнай электрастанцыі. Пра гэта паведаміла Міністэрства энергетыкі, прадставіўшы праект абноўленай праграмы развіцця ядзернай энергетыкі краіны.
Аптымальнымі месцамі для будаўніцтва новай АЭС застаюцца Бэлхатув (Лодзінскае ваяводства) і Конін (Велікапольскае ваяводства), а рэзервовымі варыянтамі — Казеніцы (Мазавецкае ваяводства) і Палянец (Свентакшыскае ваяводства). Канчатковае рашэнне наконт месцазнаходжання павінна быць прынята пазней, пасля дадатковых даследаванняў.
Паводле папярэдніх планаў, будаўніцтва другой станцыі можа пачацца на пачатку наступнага дзесяцігоддзя, а яе першы энергаблок — запрацаваць яшчэ да сярэдзіны стагоддзя. Польскія ўлады падкрэсліваюць, што без развіцця атамнай энергетыкі немагчыма гарантаваць доўгатэрміновую энергетычную бяспеку краіны.
Тым часам першая польская АЭС ужо будуецца ў Хачэве на ўзбярэжжы Балтыйскага мора пры ўдзеле амерыканскіх кампаній Westinghouse і Bechtel. Першы з трох рэактараў павінен запрацаваць у 2036 годзе.
pap/эж