Еўрапейскім краінам давядзецца паступова ўзяць на сябе частку задач, якія дагэтуль выконвалі амерыканскія войскі ў Еўропе. Пра гэта заявіў віцэ-прэм'ер, міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, каментуючы планы ЗША скараціць сваю вайсковую прысутнасць у рамках НАТА.
— Гэта, безумоўна, значнае скарачэнне, але яно не з'яўляецца нечаканым. Мы ведаем з дакументаў — Нацыянальнай стратэгіі бяспекі і Нацыянальнай стратэгіі абароны ЗША, — што Еўропа для Злучаных Штатаў з'яўляецца толькі чацвёртым прыярытэтам.
Цяпер будзе так званы Posture Review, то бок рашэнне пра дыслакацыю войскаў. І ЗША значна скарачаюць частку сваіх магчымасцяў у Еўропе. Еўропа павінна там, дзе можа, запоўніць гэтыя прабелы ўласнымі сіламі, — сказаў Сікорскі ў эфіры Польскага радыё.
Паводле The New York Times, ЗША плануюць скараціць колькасць знішчальнікаў, прызначаных для НАТА, а таксама абмежаваць выкарыстанне разведвальнай авіяцыі, самалётаў-запраўшчыкаў і часткі марскіх сіл.
Эксперты папярэджваюць, што гэта можа аслабіць магчымасці Альянсу ў назіранні за актыўнасцю Расіі і правядзенні далёкіх аперацый.
iar/эж