Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У Варшаве праходзіць найбуйнейшы навуковы пікнік у Польшчы

13.06.2026 15:47
У рамках Навуковага пікніка наведвальнікаў чакае больш за 650 эксперыментаў і навуковых дэманстрацый, падрыхтаваных 133 навуковымі ўстановамі з Польшчы і замежных краін.
   .
Эксперыменты на навуковым пікніку. Крыніца: facebook.com/PiknikNaukowy

У суботу, 13 чэрвеня, на Нацыянальным стадыёне ў Варшаве адбываецца 29-ы Навуковы пікнік Польскага радыё і Цэнтру навукі «Капернік», які праходзіць пад дэвізам «Узята з жыцця».

У рамках Навуковага пікніка наведвальнікаў чакае больш за 650 эксперыментаў і навуковых дэманстрацый, падрыхтаваных 133 навуковымі ўстановамі з Польшчы і замежных краін. Таксама ў праграме — конкурсы, гульні і цікавыя факты аб працы навукоўцаў і супрацоўнікаў радыё.

— Кожны знойдзе тут нешта для сябе, і сумаваць сапраўды нікому не давядзецца, — сказаў дарадчык праўлення Польскага радыё Юліюш Кашыньскі. — Упэўнены, што гэта будзе самы цікавы дзень за год для кожнага, хто прыйдзе на гэтае мерапрыемства. Калі вы плануеце адвесці на яго гадзіну ці дзве, то лепш адразу перагледзьце свае планы і разлічвайце правесці тут увесь дзень, — зазначыў Кашыньскі.

Навуковы пікнік — гэта падзея як для дарослых, так і для дзяцей.

На Нацыянальным стадыёне таксама праходзяць сустрэчы з журналістамі і тэхнічнымі спецыялістамі Польскага радыё. Наведвальнікі змогуць убачыць, як ствараюцца радыёперадачы, а таксама азнаёміцца з мабільнай радыёвяшчальнай студыяй.

Навуковы пікнік Польскага радыё і Цэнтру навукі «Капернік» на Нацыянальным стадыёне працягнецца да 19:00 (варшаўскі час). Удзел у мерапрыемстве цалкам бясплатны і не патрабуе папярэдняй рэгістрацыі.

З гэтага года мерапрыемства носіць імя вядомага польскага фізіка, прафесара Лукаша Турскага, які ў 1996 годзе выступіў ініцыятарам і стваральнікам гэтай навукова-папулярнай падзеі.

ыч