Прадстаўнікі Еўрасаюза асудзілі масавыя начныя напады Расіі на Украіну, у выніку якіх, між іншым, загарэўся дах галоўнага храма Кіева-Пячэрскай лаўры. Прэзідэнт Еўрапейскай рады Антоніу Кошта напісаў на партале X, што масавыя выбухі і напады мінулай ноччу пацвярджаюць, што Расія не жадае ўдзельнічаць у мірных перамовах.
— Расія зацікаўлена толькі ў гвалце і разбурэнні, — пракаментавала прэзідэнтка Еўрапейскай камісіі.
Урсула фон дэр Ляен дадала, што лідары на саміце G7 у французскім горадзе Эвіян абмяркуюць далейшыя спосабы ўзмацнення ціску на Расію.
У сваю чаргу міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў, што напад Расіі, у тым ліку на Кіева-Пячэрскую лаўру, быў абуральным. Ён выказаў надзею, што гэта абвергне міф пра тое, што Уладзімір Пуцін з'яўляецца абаронцам веры.
У ноч з нядзелі на панядзелак расійскія войскі нанеслі інтэнсіўны авіяўдар па Кіеве, які працягваўся больш за чатыры гадзіны. Праваслаўны манастыр Кіева-Пячэрская лаўра — сімвал украінскай рэлігійнай і культурнай гісторыі, прызнаны ЮНЕСКА абʼектам сусветнай спадчыны, загарэўся пасля ўдару беспілотніка.
Паводле кіраўніцтва манастыра, былі выратаваны іконы і іншыя каштоўныя рэчы. У комплексе было знішчана прыблізна 800 квадратных метраў даху Успенскага сабора.
— Пуцін, магчыма, атакаваў Кіева-Пячэрскую лаўру, таму што праваслаўны манастыр у Кіеве ўжо быў вядомы, калі Масква была яшчэ лесам. Я спадзяюся, што гэты скандальны напад пазбавіць хрысціян ва ўсім свеце ад абсурднай ідэі, што былы палкоўнік КДБ зʼяўляецца абаронцам веры, — напісаў Сікорскі на платформе X.
— Кіева-Пячэрская лаўра — адно з самых святых месцаў для хрысціянскага свету. У Расіі няма ніякага табу, — пракаментаваў у Люксембургу міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс.
Палітык заклікаў да хуткага прыняцця новых санкцый супраць Расіі.
Міністр замежных спраў Францыі Жан-Наэль Баро заявіў, што напад на Кіева-Пячэрскую лаўру, гэта як напад на сабор Нотр-Дам у Парыжы. Выступаючы падчас сустрэчы міністраў ЕС у Люксембургу, кіраўнік дыпламатыі Францыі ацаніў, што Расія ў чарговы раз прадэманстравала маштаб сваёй жорсткасці.
IAR/аз