Беларуская Служба

Польшча і Германія адзначаюць 35-годдзе дамовы аб добрасуседстве

17.06.2026 14:21
Да юбілею дамовы прымеркаваныя і практычныя крокі. У Берліне Польшчы перададуць культурныя каштоўнасці, вывезеныя падчас Другой сусветнай вайны.
- . .
Польска-нямецкая мяжа. Ілюстрацыя.Фота: Mike Mareen / Shutterstock.com

17 чэрвеня спаўняецца 35 гадоў з дня падпісання Дамовы аб добрасуседстве і сяброўскім супрацоўніцтве паміж Польшчай і ФРГ. Дакумент, падпісаны ў 1991 годзе, заклаў асновы сучасных польска-нямецкіх адносін, замацаваў правы нацыянальных меншасцяў і падкрэсліў значэнне супрацоўніцтва дзвюх краін для еўрапейскай еднасці.

Віцэ-прэм'ер, міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі назваў дамову «новым адкрыццём» у адносінах паміж Варшавай і Берлінам. Паводле яго, Польшча і Германія дагэтуль адчуваюць наступствы Другой сусветнай вайны і нямецкай акупацыі, але імкнуцца развіваць партнёрства, заснаванае на ўзаемнай павазе і супрацоўніцтве.

На Польска-нямецкім форуме ў Берліне кіраўнік МЗС Нямеччыны Ёган Вадэфуль прызнаў, што «нямецкі погляд на Польшчу часам бывае павярхоўным» і падкрэсліў неабходнасць лепшага ўзаемнага разумення. Нямецкі дыпламат таксама заклікаў да пашырэння супрацоўніцтва паміж парламентарыямі і развіцця хуткасных чыгуначных злучэнняў паміж Берлінам і Варшавай.

Да юбілею дамовы прымеркаваныя і практычныя крокі. У Берліне Польшчы перададуць культурныя каштоўнасці, вывезеныя падчас Другой сусветнай вайны, у тым ліку Пярсцёнак Ягелонаў,  рукапісы Стэфана Жэромскага і сярэднявечныя манускрыпты з гімнам Gaude Mater Polonia. А ў Варшаве міністры абароны дзвюх краін падпішуць новае пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы бяспекі і абароны.

pap/iar/эж