Мужчына, падазраваны ў датычнасці да забойства расійскага мастака ў горадзе Бяла Падляска, быў арыштаваны супрацоўнікамі люблінскай паліцыі і Агенцтва ўнутранай бяспекі. Пра гэта ў сацсетках паведаміў прэм'ер Дональд Туск.
Кіраўнік польскага ўрада дадаў, што затрыманы меў грузінскі пашпарт.
— Службы працуюць над ідэнтыфікацыяй даручальніка забойства, — падкрэсліў Дональд Туск.
Люблінская паліцыя паведаміла, што арышт адбыўся сёння раніцай каля Варшавы. У аперацыі ўдзельнічалі супрацоўнікі спецыяльнай следчай групы з Галоўнага ўпраўлення паліцыі ў Любліне і супрацоўнікі па барацьбе з тэрарызмам з Бюро па барацьбе з карупцыяй, якіх падтрымлівалі функцыянеры Агенцтва ўнутранай бяспекі.
Прэс-сакратар Нацыянальнай пракуратуры Пшэмыслаў Новак(Przemysław Nowak) абвясціў аб наступных следчых дзеяннях па гэтай справе.
— Расследаванне забойства расіяніна ў горадзе Бяла Падляска сёння пераняў Люблінскі аддзел па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю Нацыянальнай пракуратуры. Сёння па гэтай справе быў таксама арыштаваны мужчына, які карыстаўся грузінскім пашпартам. Сёння ці заўтра пракурор правядзе працэсуальныя дзеянні з удзелам арыштаванага, — заявіў Новак.
Чакаецца, што пракуратура прадаставіць дадатковую інфармацыю пасля завяршэння следчых дзеянняў з затрыманым.
Затрыманы мужчына карыстаецца пашпартам, выдадзеным 36-гадоваму грамадзяніну Грузіі.
Нагадаем, забойства адбылося ў панядзелак (15 чэрвеня). 44-гадовы мастак, музыка, блогер і крытык Пуціна, вядомы пад псеўданімам Сямён Скрапецкі, даўно жыў за мяжой Расіі.
IAR/аз