Польскі ўрад шукае новыя крыніцы фінансавання аховы здароўя. Міністэрства фінансаў плануе павялічыць у чатыры разы алкагольны збор з г.зв. «чакушак».
Дадатковыя сродкі — амаль 300 мільёнаў злотых (70 млн еўра) штогод — будуць выдзелены ў бюджэт Нацыянальнага фонду здароўя (NFZ).
Прэс-сакратар Грамадзянскай кааліцыі Дарота Лабода кажа, што гэтая прапанова матываваная клопатам пра здароўе палякаў.
— Гэта барацьба за здароўе грамадзян. Мы дасканала ведаем, што продаж «чакушак» дасягае гіганцкіх узроўняў. Бальшыня карыстальнікаў — гэта людзі з алкагольнай залежнасцю. Вялікая частка «чакушак» прадаецца зранку, калі людзі ідуць на працу. Я лічу, што гэты продаж неабходна абмяжоўваць, а павышэнне кошту — адна з мер.
Міністэрства фінансаў хоча, каб павышэнне ўступіла ў сілу ў пачатку наступнага года. Паводле ацэнак, кошт так званых «чакушак» павялічыцца на два-чатыры злотыя. Палякі штодня выпіваюць прыкладна тры мільёны «чакушак». Трэць карыстальнікаў купляе іх раніцай.
IAR/яс