У бліжэйшыя дні ў Міністэрстве нацыянальнай абароны Польшчы будзе створана група для перамоваў з ЗША па стварэнні пастаяннай ваеннай базы ў Польшчы, паведаміў намеснік міністра абароны Цэзары Томчык.
— У бліжэйшыя тыдні мы павінны атрымаць дадатковую інфармацыю, якой можна будзе падзяліцца з грамадскасцю, — дадаў ён.
У чэрвені гэтага года намеснік прэм'ера і міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш заявіў, што Пентагон адкрыты для прапановы Польшчы пастаянна размясціць амерыканскія войскі на сваёй тэрыторыі. Тады ён падкрэсліў, што канчатковае рашэнне будзе залежаць ад дэталяў пагаднення.
У канцы чэрвеня кіраўнік Мінабароны абвясціў аб уступленні ў наступны этап перамоваў з ЗША адносна пастаяннай ваеннай базы ў Польшчы. У сваім пасце на платформе X ён напісаў, што ў Пентагоне праводзіцца «агляд сіл», які паслужыць падставай для далейшых рашэнняў па гэтай справе.
У панядзелак у эфіры RMF24 намеснік міністра нацыянальнай абароны Цэзары Томчык заявіў, што працэс стварэння такіх базаў працягваецца гадамі.
Ён нагадаў, што пасля атрымання з ЗША «зялёнага святла» для гэтай ідэі, у Польшчы былі папярэдне вызначаныя два найбольш верагодныя месцы дыслакацыі — Вялікапольшча і Ніжняя Сілезія.
Польшча даўно выступае за пастаянную прысутнасць амерыканскіх войскаў у Польшчы, гэта значыць за пастаянныя базы, дзе разгортваюцца пэўныя амерыканскія падраздзяленні, а вайскоўцы пражываюць у Польшчы працяглы час, напрыклад, прывозяць свае семʼі ў Еўропу.
Паводле формулы ратацыйнай прысутнасці, амерыканцы прыязджаюць у Польшчу на некалькі месяцаў, а затым іх замяняюць калегі з іншага падраздзялення з падобным патэнцыялам.
PAP/аз