У Польшчы працягвае расці колькасць злачынстваў на глебе нацыянальнай нянавісці ў дачыненні да грамадзян Украіны. Пра гэта паведамляе газета Rzeczpospolita са спасылкай на звесткі Галоўнага ўпраўлення паліцыі.
Паводле выдання, у першым паўгоддзі 2026 года ўкраінцы падалі 180 заяў аб злачынствах, матываваных нянавісцю. Гэта на 30% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Калі цяперашняя тэндэнцыя захаваецца, да канца года колькасць такіх выпадкаў можа дасягнуць рэкордных 360.
Гаворка ідзе пра фізічныя напады, збіццё, слоўныя абразы і іншыя праявы варожасці. Адным з найбольш рэзанансных выпадкаў стаў інцыдэнт у Бельску-Бялай, дзе мужчына абразіў дзвюх 11-гадовых украінскіх дзяўчынак у гарадскім аўтобусе.
Эксперты звязваюць рост такіх злачынстваў з пашырэннем мовы варожасці ў інтэрнэце, дзейнасцю расійскіх троляў, антыўкраінскай рыторыкай часткі польскіх палітыкаў, а таксама абвастрэннем грамадскай дыскусіі вакол Валынскай трагедыі. На іх думку, гэтыя фактары ўсё больш уплываюць на грамадскія настроі і спрыяюць росту ксенафобіі.
pap/эж