Сейм Польшчы падтрымаў кандыдатуру адвакаткі і праваабаронцы Сыльвіі Грэгорчык-Абрам на пасаду ўпаўнаважанага па правах чалавека. Каб яна магла заняць гэтую пасаду, яе прызначэнне яшчэ павінен ухваліць Сенат.
За кандыдатуру, вылучаную кіруючай «Грамадзянскай кааліцыяй» і «Левымі», прагаласавалі 233 дэпутаты. Яе супернік, кандыдат ад партыі «Права і справядлівасць» Адам Бароўскі, атрымаў 177 галасоў.
Сыльвія Грэгорчык-Абрам — адвакатка, сузаснавальніца грамадзянскай ініцыятывы «Вольныя суды» і Камітэта абароны правасуддзя. Яна таксама ўзначальвала камісію Міністэрства юстыцыі, якая расследавала выпадкі ціску на арганізацыі грамадзянскай супольнасці ў 2015–2023 гадах.
Тэрмін паўнамоцтваў дзейнага амбудсмена Польшчы Марціна Вёнцка заканчваецца 23 ліпеня.
iar/эж