Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы апублікавала новую інструкцыю для насельніцтва на выпадак паветранай атакі. У ёй падрабязна тлумачыцца, дзе шукаць сховішча і як паводзіць сябе пасля сігналу трывогі.
Адно з галоўных правілаў — прынцып дзвюх сцен. Паміж чалавекам і адкрытай прасторай павінны знаходзіцца як мінімум дзве трывалыя сцены. Першая затрымлівае частку аскепкаў і абломкаў, другая дадаткова зніжае рызыку траўмаў. Таму рэкамендуецца выбіраць памяшканні ў цэнтры будынка, без вокнаў і далей ад вонкавых сцен.
Калі побач ёсць афіцыйна пазначанае сховішча і дабрацца да яго можна бяспечна, МУС раіць рухацца туды загадзя вызначаным маршрутам. Калі дарога патрабуе доўга заставацца на адкрытай прасторы, лепш застацца ў будынку.
Адносна бяспечнымі месцамі могуць быць падземныя гаражы, тунэлі. Пры гэтым пашкоджаных сутарэнняў, памяшканняў з газавымі ўстаноўкамі і толькі адным выхадам варта пазбягаць. 12-старонкавая інструкцыя таксама даступная ў інтэрнэце і ў мабільным прыкладанні mObywatel.
эж