Галоўнай мэтай канферэнцыі, якая называлася «Падвойная чырвань Савецкія рэпрэсіі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе 1939-1941/1944-1946» было паглыбленне ведаў пра савецкі таталітарызм у Цэнтральнай Еўропе, параўнанне савецкіх метадаў у розных краінах рэгіёну. Гаворыць дырэктар Інстытуту Пілецкага Караль Мадай.
— Наша канферэнцыя тычыцца перыяду 1939-41 і потым 1944-46 гадоў. У гэты час мела месца Аўгустоўская аблава. Падвойная чырвань азначае два перыяды савецкай акупацыі гэтага рэгіёну.
Савецкая акупацыя прынесла масавыя рэпрэсіі ў рэгіён, асабліва моцныя яны былі ў час так званых «першых Саветаў», кажа беларускі даследчык Анатоль з Інстытута гісторыі Польскай акадэміі навук.
— У першы перыяд, у 1939-ы годзе, былі праведзеныя чатыры хвалі дэпартацыі. Яны закранулі Беласточчыну і Аўгустоўшчыну. Пасля вайны не было такіх масавых дэпартацый, яны былі больш кропкавымі. НКВД/МГБ змагалася супраць тых, хто быў у Арміі Краёвай. Менавіта гэтыя людзі ў першую чаргу траплялі пад рэпрэсіі.
Савецкія рэпрэсіі моцна закранулі грамадства, па сённяшні дзень адчуваецца страх, калі пра гэта заходзіць гаворка, зазначае Эгілс Клус з Музею акупацыі Латвіі.
— Савецкая акупацыя, як і нацысцкая, прынесла ў Латвію тэрор: масавыя дэпартацыі, забойствы ды генацыд, кожны латыш у Савецкім Саюзе быў нібы палітычны вязень.
У Літве ў апошнія гады ўсё большую ўвагу пачалі звяртаць не толькі на вывучэнне савецкіх рэпрэсій, але і на даследаванне руху супраціву, які дзейнічаў у 1945-48 гадах, кажа Арунас Бубныс з Цэнтру вывучэння генацыду і руху супраціву жыхароў Літвы.
— Што тычыцца большасці партызанскіх аддзелаў, найбольш актыўны перыяд іх дзейнасці працягваўся да 1948 года, а потым яна згасла.
Гісторык Войцех Марціняк з Лодзінскага ўніверсітэту звярнуў увагу на тое, што нават пасля вайны савецкія ўлады перашкаджалі вяртанню дэпартаваных палякаў з СССР.
— Польскія ўлады хацелі арганізаваць комплексную акцыю рэпатрыяцыі, але Сталін быў супраць вырашэння гэтай справы, быў супраць вызвалення з лагераў палякаў ды іх рэпатрыяцыі.
У меркаванні даследчыкаў прыход савецкіх войск і адміністрацыі ў рэгіён Цэнтральнай ды Усходняй Еўропы азначаў сапраўдную акупацыю з масавымі рэпрэсіямі супраць шырокіх колаў грамадства.
Юры Ліхтаровіч