Старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен у апошні момант адмовілася ўдзельнічаць у супольнай прэс-канфэрэнцыі з прэзідэнтам Польшчы Каралем Наўроцкім. Пра гэта паведамляе Bloomberg са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй. Паводле агенцтва, такім чынам палітык выказала падтрымку прэм’ер-міністру Польшчы Дональду Туску на фоне абвастрэння палітычнага канфлікту вакол Канстытуцыйнага суда.
У чацвер, 5 лістапада, Урсула фон дэр Ляен удзельнічала ў сустрэчы прэзідэнтаў краінаў Вышаградскай групы — Польшчы, Чэхіі, Славакіі і Венгрыі — у славацкім Трэнчыне. Па выніках перамоў лідары падпісалі дэкларацыю аб супрацы ў сферы энергетычнай бяспекі, дапамогі Украіне і пашырэння ЕС.
На прэс-канфэрэнцыі польскі лідар заявіў, што Цэнтральная Еўропа павінна актыўней уплываць на будучыню кантыненту, і раскрытыкаваў рашэнні, якія, паводле яго, аслабляюць еўрапейскую прамысловасць і павялічваюць выдаткі звычайных еўрапейскіх сем’яў.
iar/эж