У Варшаве завяршыўся Марш незалежнасці, які, паводле ацэнак паліцыі, сабраў да 250 тысяч чалавек. Арганізатары называюць значна большую лічбу — ад паўмільёна да мільёна ўдзельнікаў. Летась гарадскія ўлады налічылі каля 100 тысяч чалавек.
Да шэсця далучыўся прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі разам са старэйшым сынам. Палітык нёс бела-чырвоны сцяг, вітаўся з удзельнікамі і пакінуў марш пасля пераходу праз мост Панятоўскага.
Сёлетняе шэсце прайшло пад лозунгам «Паляк у Польшчы — гаспадар» ( «Polak w Polsce gospodarzem»). Удзельнікі скандавалі, сярод іншага «Слава вялікай Польшчы» і «Гонар і слава героям».
Гучалі і ксенафобскія лозунгі. Напрыклад, прадстаўнікі нацыянал-радыкальнай арганізацыі ONR неслі транспарант «Зробім Еўропу зноў белай».
Марш прайшоў ад кальца Дмоўскага ў цэнтры польскай сталіцы да Нацыянальнага стадыёна на іншым беразе Віслы. Нягледзячы на забарону, удзельнікі запальвалі фаеры. Мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі заявіў, што іншых сур'ёзных інцыдэнтаў не зафіксавана.
эж