Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Радаслаў Сікорскі заклікаў беларускія ўлады паважаць правы польскай нацыянальнай меншасці

26.11.2026 13:55
Пра гэта заявіў віцэ-прэм’ер, міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, прадстаўляючы ў Сенаце штогадовую інфармацыю аб палітыцы ў дачыненні да польскай дыяспары.
Кіраўнік МЗС РП Радаслаў Сікорскіhttps://www.youtube.com/watch?v=YcKo7axiF5c
Польшча будзе і надалей дамагацца ад беларускіх уладаў захавання правоў польскай нацыянальнай меншасці, асабліва права на свабоднае аб’яднанне і вывучэнне роднай мовы. Пра гэта заявіў віцэ-прэм’ер, міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, прадстаўляючы ў Сенаце штогадовую інфармацыю аб палітыцы ў дачыненні да польскай дыяспары.

Кіраўнік польскай дыпламатыі станоўча ацаніў вызваленне беларускімі ўладамі многіх палітычных вязняў, у тым ліку Анджэя Пачобута. Адначасова ён падкрэсліў, што Польшча не забываецца пра сваіх суайчыннікаў, якія па-ранейшаму застаюцца за кратамі, і падтрымлівае імкненне Саюза палякаў Беларусі дамагчыся паўторнай легалізацыі арганізацыі беларускімі ўладамі.

Радаслаў Сікорскі таксама звярнуў увагу на дыскрымінацыю ў Беларусі ўладальнікаў Карты паляка.

– Мы негатыўна ацэньваем дыскрымінацыйнае стаўленне да ўладальнікаў Карты паляка, асабліва ў дзяржаўным сектары. Хачу супакоіць беларускія ўлады. Карта пацвярджае прыналежнасць да польскага народа, але не перашкаджае быць лаяльным грамадзянінам Беларусі ці любой іншай краіны.

Кіраўнік польскага МЗС заклікаў таксама беларускія ўлады спыніць ціск на польскіх каталіцкіх святароў і забяспечыць ім магчымасць свабодна выконваць душпастырскае служэнне. Сікорскі падкрэсліў, што святароў нельга прымушаць выбіраць паміж адмовай ад польскага грамадзянства на карысць беларускага і выездам з краіны.

яс