Польшча ўжо адчувае наступствы нелегальнай міграцыі – краіны ЕС, у асноўным Германія, масава адпраўляюць у Польшчу замежнікаў, якія нелегальна трапілі на Захад праз тэрыторыю польскай дзяржавы. Гаворка ідзе пра некалькі тысяч мігрантаў у год, паведамляе Rzeczpospolita. Толькі ў гэтым годзе – да пачатку чэрвеня – дзяржавы-члены ЕС ужо заявілі аб планаванай перадачы ў Польшчу амаль 2,2 тысячы такіх мігрантаў, за ўвесь мінулы год – гэта было 3,9 тысячы.
«Найбольшую колькасць замежнікаў у Польшчу плануе адправіць Германія, за ёй ідуць Францыя, Нідэрланды, Нарвегія і Швецыя. Падобным чынам гэта выглядала летась», – кажа ў размове з газетай прэс-сакратар Памежнай службы Анна Міхальска.
Агароджа на мяжы з Беларуссю значна абмежавала нелегальную міграцыю, але не спыніла яе цалкам. Арганізаваныя злачынныя групоўкі працягваюць кантрабанду людзей, якія дорага плацяць за міраж лепшага жыцця на Захадзе.
Сёлета ў Польшчу нелегальна спрабавалі трапіць больш за 10 тысяч мігрантаў з дзясяткаў краін свету. Іх мэтай у асноўным з’яўляецца Германія. Між тым, нават калі ім удасца трапіць у Германію, але яны не адпавядаюць умовам для атрымання прытулку або калі высвятляецца, што першай краінай ЕС на іх шляху была Польшча, то іх вяртаюць, менавіта, у Польшчу.
Найбольшую групу «вернутых» у Польшчу мігрантаў, складалі грамадзяне Іраку, Беларусі, Расіі і Афганістана – гэта тычыцца, як бягучага, так і мінулага года. Маштаб гэтай з’явы можа павялічыцца, бо апошнім часам рэжым Лукашэнкі пры падтрымцы Расіі зноў актывізаваў гібрыдныя дзеянні на мяжы.
Як паведамляюць памежнікі, сёлета ўжо 10 тысяч іншаземцаў спрабавалі нелегальна перасекчы беларуска-польскую мяжу. Пагаршаецца таксама сітуацыя на польска-нямецкай мяжы, на якой у бягучым годзе памежнікі затрымалі затрымалі 282 мігрантаў – гэта на 150 працэнтаў больш, чым у аналагічным перыядзе мінулага года, паведамляе Rzeczpospolita.
аз