Беларусь павінна спыніць гібрыдныя атакі на польскай мяжы, заявіў прэзідэнт Польшчы ў адказ на нядаўнюю заяву беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі. На мінулым тыдні беларускі дыктатар заявіў, што хоча палепшыць адносіны паміж Беларуссю і Польшчай.
Анджэй Дуда заявіў у Варшаве падчас сустрэчы з прэзідэнтам Латвіі, што для паляпшэння адносінаў паміж дзвюма краінамі Беларусь павінна спыніць гібрыдныя атакі на мяжы. Гаворка ідзе пра сотні мігрантаў, якіх беларускі рэжым шмат месяцаў спрабуе пераправіць у Польшчу:
- Не сакрэт, бо ў нас ёсць доказы ў выглядзе відэаматэрыялаў, што называць гэтыя дзеянні гібрыднай атакай не беспадстаўна. Таму што не хто іншы, як прадстаўнікі беларускіх службаў, беларускія афіцэры ўдзельнічалі ў выцясненні мігрантаў да лініі мяжы.
Анджэй Дуда дадаў, што польская мяжа з Беларуссю з’яўляецца таксама мяжой Еўрасаюза. Таму, паводле палітыка, Польшча нясе адказнасць і перад сваімі еўрапейскімі хаўруснікамі.
IAR/аз