Беларуская Служба

Расія закрыла польскае консульства ў Смаленску

31.08.2023 16:05
Закрытае консульства Польшчы ў Смаленску. Гэта адбылося ў выніку рашэння расійскіх уладаў, якія вырашылі, што аб'ект не можа працягваць працаваць. Міністэрства замежных справаў Польшчы ўжо выказала пратэст з гэтай нагоды.
Ілюстрацыйнае фотаWilly Barton/ Shutterstock

Міністэрства замежных справаў Польшчы паведаміла ў камюніке, што ў адпаведнасці з папярэднім рашэннем урада Расіі сёння афіцыйна закрыта консульская ўстанова ў Смаленску. На кароткай цырымоніі прысутнічаў амбасадар Польшчы ў Расіі Кшыштаф Краеўскі ды іншыя дыпламаты.

Установа працавала 11 гадоў. Яе праца пачалася ў другую гадавіну катастрофы прэзідэнцкага самалёта ў Смаленску. Супрацоўнікі займаліся польскімі консульскімі справамі і даглядалі месца катастрофы Ту-154 і могілкі ў Катыні, дзе спачываюць палякі, забітыя саветамі падчас Другой сусветнай вайны.

Міністэрства замежных справаў Польшчы выказалася супраць рашэння расійскіх уладаў. У ліпені прэмʼер-міністр Матэвуш Маравецкі заявіў, што ў выпадку закрыцця расіянамі польскіх дыпламатычных установаў Польшча адкажа сіметрычна.

IAR/вх