З 10 снежня Польская дзяржаўная чыгунка РКР уводзіць новы расклад руху цягнікоў. Дзяржаўная чыгуначная кампанія PKP Intercity (аператар міжрэгіянальных і міжнародных цягнікоў) павялічыць колькасць пасажырскіх саставаў на 29 цягнікоў – да 417 круглагадовых і 37 сезонных.
Сярод новаўвядзенняў – прадоўжанне трасаў цягнікоў паміж польскімі гарадамі. Так, штодзённы цягнік «Скарына», які курсуе паміж Тэрэспалем і Варшавай, будзе хадзіць у Лодзь. У сваю чаргу траса пасажырскага саставу «Фрэдра» з Уроцлава будзе прадоўжаная да Беластоку (цяпер цягнік ходзіць у Варшаву).
У міжнародным руху PKP Intercity павялічвае частату курсавання некаторых цягнікоў і ўводзіць новыя. Так, з 10 снежня пачне хадзіць экспрэс «Одра» з Кракава ў Берлін і экспрэс «Дануб’юс» з Уроцлава праз Кракаў у Вену.
Польская чыгунка таксама павысіць катэгорыі некаторых цягнікоў з хуткіх на экспрэсы з новымі альбо мадэрнізаванымі вагонамі.
У зімовым сезоне павялічыцца лічба пасажырскіх саставаў, якія будуць хадзіць у горы, а летам – на Балтыку.
вс