«Цякучасць кадраў на рынку працы ў Польшчы самая нізкая за апошнія два гады», – гаворыцца ў даследаванні арганізацыі Monitor Rynku Pracy.
За апошнія паўгода месца працы змянілі 18 працэнтаў рэспандэнтаў. «У вялікай ступені гэта звязана з абвесткамі аб працы», – кажа Матэвуш Жыдэк з Інстытута Рандстад:
- Адсутнасць цікавых прапановаў працы становіцца прычынаю таго, што нават калі чалавек незадаволены сваім працоўным месцам, ён вырашаецца заставацца на старой працы. 56% працаўнікоў праглядаюць абвесткі і шукаюць новую працу, 10% з іх ужо прынялі рашэнне перайсці на работу да іншага працадаўцы.
Упершыню ў даследаванні Monitor Rynku Pracy заплата як прычына змены працы апусцілася на трэцяе месца. Для апытаных большае значэнне мае магчымасць прафесійнага росту, а некаторыя гаварылі пра незадаволенасць цяперашнім месцам працы:
- Адсутнасць задавальнення з працы нарастае. Часта бывае, што супрацоўнікі не знаходзяць лепшай прапановы ў канкурэнтных кампаніях, аднак як толькі яна з'явіцца, а гэта магчыма ў другой палове году, можна чакаць, што больш супрацоўнікаў стане шукаць магчымасці для прафесійнага росту.
Імкненне да прафесійнага росту і незадаволенасць цяперашняй работай назвалі прычынамі пошуку новай працы 40 працэнтаў апытаных. Амаль палова чакае, што іх новы працадаўца забяспечыць прыватнае медыцынскае абслугоўванне, а таксама страхаванне жыцця і службовы аўтамабіль..