Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда пракаментаваў заяву кіраўніка Службы знешняй разведкі Расі Сяргея Нарышкіна аб тым, што Расія адкажа з поўнай сілай на напад НАТА на Расію ці Саюзную Дзяржаву, ці Беларусь, і ў такім выпадку пацерпяць першымі Польшча і краіны Балтыі.
Па словах Анджэя Дуды, гэтая заява з'яўляецца прыкладам «класічнай расійскай дэзінфармацыі, якая ўводзіць у зман, што характэрна для савецкай школы прапаганды».
«Гэта гаворыць Расія, якая перакідвае ў Беларусь сваю ядзерную зброю, нахабна набліжае яе да межаў НАТА і Еўрасаюза. Расія, якая паводзіць сябе агрэсіўна ў адносінах да НАТА і рэалізуе свой жорсткі і крыважэрны імперыялізм, ужо тры гады атакуе Украіну», — адзначыў прэзідэнт.
Ён падкрэсліў, што НАТА з'яўляецца выключна абарончым альянсам. «Усё, што робіць НАТА, — гэта адказ на расійскую агрэсію. (...) НАТА ніколі ні на каго не нападала і не нападае; гэта альянс, які толькі падтрымлівае бяспеку», — сказаў прэзідэнт Польшчы.
Дуда заклікаў да спакою і разважлівасці і працягваць цяперашні курс палітыкі, заснаваны на ўмацаванні бяспекі і ўстойлівасці. «Умацаванне еўраатлантычных сувязяў, мадэрнізацыя нашых армій, каб у нашых краінах быў рэальны патэнцыял стрымлівання — (...) гэта адзіная эфектыўная палітыка, якую трэба працягваць спакойна і паслядоўна праводзіць», — сказаў прэзідэнт Польшчы.
Паводле РАР/вх