Нечакана з’явіўся станоўчы вынік каронавіруса – у Кітаі знізіўся ўзровень забруджання паветра , - паведамляецца на сайце dzienniknaukowy.pl
Дадзеныя, сабраныя з 1 студзеня па 25 лютага пры дапамозе прылады, размешчанай на спадарожніку Sentinel-5, Tropospheric Monitoring Instrument (TROPOMI), паказваюць значнае зніжэнне канцэнтрацыі дыяксіду азоту – газу, які выкідваецца ў асноўным аўтамабілямі, электрастанцыямі і некаторымі прамысловымі прадпрыемствамі.
З-за ўспышкі каронавіруса многія заводы ў Кітаі спынілі вытворчасць, у значнай ступені скарацілася перамяшчэнне аўта- і авіятранспарту.
Навукоўцы NASA пацвердзілі, што зніжэнне ўзроўню дыяксіду азоту было відаць спачатку ў раёне месца ўспышкі – над горадам Ухань, а потым распаўсюдзілася па ўсёй краіне.
Аналіз, апублікаваны ў лютым арганізацыяй Carbon Brief, якая адсочвае змены клімату, паказаў, што спажыванне вугалю на кітайскіх электрастанцыях самае нізкае за апошнія чатыры гады, і што перамяшчэнне авіятранспарту ў Паднябеснай знізілася на 70 адсоткаў.
Аднак, скарачэнне прамысловай вытворчасці і зніжэнне выкідаў дыяксіду азоту з-за транспартных абмежаванняў не азначае, што ў буйных кітайскіх гарадах паветра стала чыстым. У сярэдзіне лютага ўзровень забруджвання паветра ў Пекіне, па-ранейшаму, у 10 разоў перавышаў рэкамендацыі Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя.
яс