Беларуская Служба

У Тыбеце праходзяць пратэсты супраць абмежаванняў у звязку з ковідам

29.10.2022 16:31
Tybet
TybetShutterstock

Масавыя акцыі пратэсту прайшлі на гэтым тыдні ў сталіцы Тыбету Лхасе, паведамляе «Радыё Свабодная Азія».

Тыбетцы пратэставалі супраць абмежавальнай палітыкі «нулявой талерантнасці» да каронавіруса, які ў Кітай азначае масавыя выпрабаванні і працяглы локдаўн.

– На вуліцах Лхасы пратэставалі супраць працягнення абмежаванняў, локдаўну горада, які доўжыцца са жніўня гэтага года. Агулам у Кітаі праводзіцца палітыка нулявой талерантнасці да ковіду. Гэта значыць, нават адзінкавыя выпадкі захворвання на ковід вядуць да масавых тэстаў людзей і абсалютнага локдаўну раёнаў, дзе яны былі выяўленыя. Тыбет – самы недаступны рэгіён Кітаю, дзе замежнікі, не толькі журналісты, мусяць мець адмысловы дазвол на ўезд. У Тыбеце шмат разоў адбываліся пратэсты супраць рэпрэсіўнай палітыкі мясцовых уладаў. З пачатку 2000-ых гадоў у рэгіёне былі і самаспаленні будысцкіх манахаў, якія такім брутальным спосабам пратэставалі супраць рэпрэсій, – паведамляе журналіст Польскага радыё Томаш Саевіч.

Рэгіён знаходзіцца ў стане локдаўну ўжо на працягу 80 дзён. Усё, што дазваляецца жыхарам – прайсціся па прылеглай да жытла тэрыторыі на працягу адной гадзіны за дзень. Для працоўных унутраных мігрантаў дзейнічае забарона на выезд з Тыбету. Па сутнасці, яны знаходзяцца пад замком без магчымасці працаваць, свабодна перамяшчацца або з'ехаць. Акрамя гэтага, выплаты заробку працоўным прыпыненыя. Сукупнасць гэтых фактараў і прывяла да маршу ў адміністрацыйным цэнтры.

IAR / вх