Беларуская Служба

Ёсць дастаткова інструментаў для прыцягнення РФ да адказнасці

05.07.2023 18:58
Аб гэтым заявіў генпракурор Украіны. 
 .
Ілюстрацыйны здымак.фота: Salivanchuk Semen/Shutterstock

Генеральны пракурор Украіны Андрэй Косцін лічыць, што Міжнародны трыбунал мае дастатковыя інструменты для прыцягнення да адказнасці кіраўнікоў Расійскай Федэрацыі за ваенную агрэсію. Гэта магчыма, нягледзячы на тое, што, паводле нацыянальнага заканадаўства, вышэйшае кіраўніцтва дзяржавы мае так званы «функцыянальны імунітэт» і не падлягае крымінальнаму пераследу. Згодна з Рымскім статутам, Міжнародны крымінальны суд не прызнае імунітэту кіраўнікоў дзяржаў.

Андрэй Косцін падкрэсліў, што, паколькі Расія здзейсніла міжнароднае злачынства супраць асноў сістэмы міжнароднай бяспекі, неабходна прыцягнуць яе да адказнасці перад Міжнародным трыбуналам. Украінскі генпракурор адзначыў, што, акрамя прававых інструментаў, патрэбная палітычная воля многіх краін, каб рэальна пакараць Уладзіміра Пуціна і яго атачэнне.

Андрэй Косцін дадаў, што хоць перамовы аб прававой мадэлі трыбунала па злачынствах расейскай агрэсіі супраць Украіны яшчэ працягваюцца, адкрыццё Міжнароднага цэнтру па пераследу злачынстваў агрэсіі ў Гаазе (ICPA) сведчыць аб тым, што такі трыбунал будзе.

IAR/нг