Беларуская Служба

НАТА: Альянс запросіць Украіну, «калі гэта дазволяць умовы»

12.07.2023 08:46
Украінскі лідар раскрытыкаваў у Twitter адсутнасць рашучасці краін НАТА даць Украіне выразную перспектыву сяброўства
Кіраўнік Альянсу Енс Столтэнберг на саміце НАТА ў ВільніPAP/Leszek Szymański

Сёння другі дзень саміту НАТА ў Вільні. Учора палітыкі абмяркоўвалі ўмацаванне бяспекі краін альянсу. Сёння больш увагі будзе нададзена ўкраінскай тэматыцы.

На саміце адбудзецца канферэнцыя кіраўніка Альянсу Енса Столтэнберга і прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.

Учора ўкраінскі лідар раскрытыкаваў у Twitter адсутнасць рашучасці краін НАТА даць Украіне выразную перспектыву сяброўства. Паводле яго слоў, формула запрашэння, якое павінна быць перададзена яго краіне падчас Віленскага саміту, паказвае, што НАТА не гатовае прыняць Украіну ў свае шэрагі.

У выніковую дэкларацыю віленскага саміту будзе ўключана палажэнне аб тым, што Альянс запросіць Украіну, «калі гэта дазволяць умовы».

Сёння таксама адбудзецца пасяджэнне Рады НАТА-Украіна на ўзроўні лідараў дзяржаў. У сустрэчы будзе ўдзельнічаць Уладзімір Зяленскі.

На віленскім саміце Польшчу прадстаўляюць прэзідэнт Анджэй Дуда, кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак і міністр замежных спраў Збігнеў Раў.

Учора лідары Альянсу вырашылі, між іншым, што ў бліжэйшы час будуць распрацаваныя тры падрабязныя планы дзеянняў: адзін – для поўначы кантыненту, другі – для поўдня, трэці – для краінаў усходняга флангу, у т.л. Польшчы.

Таксама сёння маюць адбыцца перамовы паміж прадстаўнікамі Паўночнаатлантычнай рады з партнёрамі з Інда-Ціхаакіянскага рэгіёну і Еўразвязу.

яс/IAR