Беларуская Служба

Пратэстоўцы супраць падтрымкі Ізраілю ўварваліся ў Капітолій, паліцыя арыштавала 300 чалавек

19.10.2023 08:18
Паліцыя Вашынгтонскага Капітолія ў сераду арыштавала каля 300 чалавек, якія патрабавалі спынення агню ў вайне паміж Ізраілем і ХАМАС у Газе.
Ілюстрацыйнае фотаCC0 Domena Publiczna https://pxhere.com/en/photo/859151

Як піша Washington Post, яны запатрабавалі ад Кангрэсу прыняць рэзалюцыю аб спыненні агню ва ўмовах нарастаючага гуманітарнага крызісу.

Арышты адбыліся пасля таго, як перад будынкам Кангрэсу сабраліся дэманстранты, занепакоеныя сітуацыяй палестынцаў у Газе. Пратэстоўцы трымалі транспарант з надпісам «Наша кроў аднаго колеру — чырвонага»,   размахвалі палестынскімі сцягамі і неслі плакаты з надпісам «Мой смутак – не ваша зброя».

Выданне са спасылкай на Соню Мейерсан-Нокс, прэс-сакратара нацыянальнай габрэйскай антысіянісцкай арганізацыі Jewish Voice for Peace, сцвярджае, што натоўп, які сабраўся ў адным з будынкаў кангрэса Cannon House, складаўся з 400 амерыканскіх габрэяў, у тым ліку 25 рабінаў. Яны выступаюць супраць ізраільскай акупацыі і патрабуюць ад Кангрэсу прыняць рэзалюцыю аб спыненні агню.

«Мы папярэдзілі пратэстоўцаў, каб яны спынілі дэманстрацыі, і калі яны не падпарадкаваліся, мы пачалі арыштоўваць», – заявіла паліцыя Капітолія.

Паводле першапачатковых звестак, арыштаваныя каля 300 чалавек, у тым ліку трое па падазрэнні ў нападзе на паліцэйскага.

За 10 дзён пасля нападу ХАМАС Crowd Counting Consortium, які збірае і дзеліцца дадзенымі аб пратэстах у ЗША, зафіксаваў 400 шэсцяў, мітынгаў і дэманстрацый. Каля 270 з іх былі ў падтрымку Ізраіля і амаль 200 – палестынцаў.

Паводле PAP / вх