Беларуская Служба

З габрэйскіх дзяцей у школах Нідэрландаў здзекуюцца аднагодкі, «некаторыя з іх хаваюць сваю ідэнтычнасць»

19.10.2023 15:20
«Хваля антысеміцкіх злоўжыванняў» пракацілася па школах Амстэрдама, паведамляе штодзённая газета «Het Parool» у чацвер. «Некаторыя дзеці спрабуюць схаваць сваю габрэйскую ідэнтычнасць з-за пераследу», – кажа Патрыцыя Больверк з фонду «Спыніць здзекі».
Ілюстрацыйнае фотаSeeSaw GmbH/shutterstock.com

Больверк падкрэслівае, што гэта ўжо «сур'ёзная праблема». Цэнтральная габрэйская кансультацыя (CJO) паведаміла, што па меншай меры шэсць габрэйскіх дзяцей у Амстэрдаме за апошнія дні па гэтай прычыне змянілі школу.

Нацыянальны каардынатар па барацьбе з антысемітызмам Эда Вердонер таксама пацвярджае «трывожны рост» антысеміцкіх здзекаў у галандскіх школах. «Праявы нянавісці да габрэяў гучаць у класах», – кажа Вердонер.

«Дзяцей пераследуюць і запалохваюць з-за габрэйскага паходжання. Інфармацыя пра вайну (у Газе. – Рэд.) даходзіць да дзяцей вельмі хутка і нефільтраваным шляхам праз сацыяльныя сеткі», – падкрэслівае каардынатар. Пры гэтым Вердонер адзначае, што некаторыя габрэі настолькі напалоханыя цяперашняй сітуацыяй, што ўжо не выходзяць на вуліцы з традыцыйным уборам – кіпаю – на галаве.

На мінулым тыдні тры габрэйскія школы ў сталіцы былі зачыненыя з-за страху гвалту пасля званка ад чалавека, які назваў сябе байцом ХАМАС. Атрымаўшы ўзмоцненую ахову, у панядзелак яны аднавілі сваю працу.

PAP / вх