Беларуская Служба

Завяршылася мадэрнізацыя польскай астрафізічнай абсерваторыі ў Чылі

30.11.2023 09:40
У 2019 годзе Бохумскі ўніверсітэт ахвяраваў Польшчы згаданую абсерваторыю ў падарунку.
Завяршылася мадэрнізацыя польскай астрафізічнай абсерваторыі Сэра Мэрфі ў ЧыліAutorstwa PKarczmarek - Praca własna, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=136487612

Завяршылася мадэрнізацыя польскай астрафізічнай абсерваторыі на ўзгорку Сера Мэрфі ( Cerro Murphy) у Чылі. Нагадваем, пяць сучасных тэлескопаў, якія знаходзяцца ў згаданай абсерваторыі, праводзяць пастаянныя назіранні, даследуючы самыя далёкія межы космасу ў пошуках адказу на пытанне аб хуткасці пашырэння Сусвету.

У 2019 годзе Бохумскі ўніверсітэт ахвяраваў згаданую абсерваторыю Польшчы ў падарунку. Цягам апошніх гадоў праводзілася маштабная мадэрнізацыя аб’екта – было змененае абсталяванне, устаноўленыя сучасныя прыборы для даследавання космасу.

Абсерваторыяй кіруе Астранамічны цэнтр імя Мікалая Каперніка Польскай акадэміі навук у Варшаве, які ў Чылі праводзіць даследаванні, звязаныя з праектам « Араўкарыя».

Кіраўнік праекта прафесар Гжэгаж Пятржыньскі(Grzegorz Pietrzyński) паясніў, што мэтай навуковага праекта з'яўляецца, між іншым, вывучэнне цёмнай матэрыі і апісанне маштабу Сусвету. Акрамя таго, польскія навукоўцы даследуюць правільнасць тэорый сучаснай фізікі:

- Мы маем намер адказаць на некалькі важных пытанняў. У прыватнасці, ці патрабуе перагляду сучасная фізіка. Вынікі даследавання тэмпаў пашырэння Сусвету сведчаць пра тое, што сучасная касмалагічная мадэль, то бок матэматычная і фізічная мадэль Сусвету, не паспявае за навуковымі адкрыццямі. Таму, магчыма, сучасная фізіка патрабуе перагляду.

Польская астрафізічная абсерваторыя, размяшчаецца на ўзгорку Сера Мэрфі, у пустыні Атакама. На месцы працуе каманда з двух польскіх навукоўцаў, якія мяняюцца кожныя тры тыдні. Вераніка Нарлёх(Weronika Narloch), якая ўдзельнічала ў праекце, параўнала працу ў абсерваторыі з працай ліхтаршчыка на маяку:

- Гэта вельмі цікавы досвед – выжыць тры тыдні з адным чалавекам у сярэдзіне пустыні. У прыватнасці, мне гэта вельмі падабаецца – можна супакоіцца і засяродзіцца на працы. Як ліхтаршчыкі на маяку, у нас ёсць свае абавязкі, якія мы павінны выконваць кожную ноч і ў пэўныя гадзіны. Назіранні праводзяцца ўсю ноч, зразумела, калі ёсць спрыяльныя ўмовы надвор’я, і заканчваюцца на досвітку. Тады мы можам ісці спаць.

Мадэрнізацыя абсерваторыі каштавала больш за 50 мільёнаў злотых (амаль 11,5 мільёна еўра). Сродкі на яе вылучыла Міністэрствам навукі і развіцця.

Нагадваем, Астранамічны цэнтр імя Мікалая Каперніка Польскай акадэміі навук у Варшаве праводзіць даследаванні з дапамогай 10 тэлескопаў, размешчаных у паўднёвым паўшарʼі. Польскія астрафізікі для назірання выкарыстоўваюць таксама тры спадарожнікі.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка