Беларуская Служба

У Швецыі абмяжуюць выкарыстанне электронных экранаў і ўвядуць «карту актыўнасці»

25.10.2024 18:58
Новаўвядзенні тычацца дзяцей і падлеткаў. Усё больш падлеткаў занадта мала спяць, бо шмат часу праводзяць з гаджэтамі.
Dzieci bardzo łatwo uzależniają się od urządzeń elektronicznych
Dzieci bardzo łatwo uzależniają się od urządzeń elektronicznychIren_Geo/shutterstock

Міністр сацыяльных спраў Швецыі Якаб Форсмед (Jakob Forssmed) паведаміў, што ў краіне абмяжуюць выкарыстанне электронных экранаў і ўвядуць «карту актыўнасці» для бясплатных заняткаў спортам або адпачынку.

На думку міністра, сучаснае маладое пакаленне не ведае свету без лічбавых прылад.

Даследаванне, праведзенае па замове ўрада Швецыі, паказала, што дзеці школьнага ўзросту і падлеткі ў выніку празмернага выкарыстання лічбавых медыя маюць праблемы са сном, трывогу і суіцыдальныя думкі, а таксама маюць горшыя вынікі навучання.

«Абодва дзеянні, абмежаванне смартфонаў і камп'ютараў і дазвол на ўдзел у спартыўных і культурных мерапрыемствах, ўзаемазвязаныя, - падкрэсліў Форсмед. — Трэба прапанаваць моладзі нешта ўзамен».

Гадавы абанемент з гарантаванай дзяржавай сумай ад 500 да 2000 крон (прыблізна ад 50 да 200 еўра) з наступнага года атрымае кожнае дзіця ва ўзросце 8-16 гадоў. З гэтым абанементам можна будзе ўзяць напракат спартыўны інвентар, напрыклад, лыжы або канькі.

У пачатку стагоддзя Швецыя была лідарам па ўкараненні лічбавых інструментаў у школах і дзіцячых садках. Лічылася, што гэта дапаможа навучыць дзяцей і паменшыць сацыяльную няроўнасць. У той час не ўлічваліся шырокі доступ да мабільных тэлефонаў з інтэрнэтам і з'яўленне сацыяльных сетак. Цяпер, праз шмат гадоў, алоўкі, ручкі і традыцыйныя падручнікі і дошкі вяртаюцца ў адукацыйныя ўстановы.

Праблема празмернага часу перад экранам была пацверджана вынікамі даследаванняў Упраўлення аховы здароўя.

«Шведскія падлеткі ва ўзросце 13-16 гадоў праводзяць перад экранамі ў сярэднім 6,5 гадзін па-за школай. Відавочна, што ў іх няма часу на іншыя заняткі, рух або сон, і гэта асноўныя рэчы, неабходныя ім для іх фізічнага і псіхічнага здароўя» — падкрэсліў Форссмед.

Міністр нагадаў, што ў апошнія гады не толькі ў Швецыі назіраюцца трывожныя змены ў развіцці дзяцей і падлеткаў.

«Яны, безумоўна, недасыпаюць, адчуваюць адзіноту, стрэс, упадаюць у дэпрэсію, асабліва гэтая праблема датычыць старэйшых падлеткаў», — адзначыў міністр. Ён заўважыў, што, «вядома, розныя фактары ўплываюць на пагаршэнне дабрабыту моладзі». «Аднак мы не можам ігнараваць той факт, што гэтая праблема ўзнікла паралельна з павелічэннем прысутнасці сацыяльных сетак у паўсядзённым жыцці падлеткаў».

«Усё больш падлеткаў занадта мала спяць, маладыя людзі карыстаюцца тэлефонам у ложку, перш чым заснуць, а адна гадзіна скролінгу лёгка ператвараецца ў тры-чатыры, і многія падлеткі прачынаюцца, каб праверыць апавяшчэнні ў сваіх профілях», — падкрэсліў ён.

Шведскія даследаванні паказваюць, што 32 працэнты дзяўчынак-падлеткаў спяць шэсць гадзін у суткі замест 8-9 гадзін.

«Ужо можна казаць аб клінічным дэфіцыце сну, які выклікае рызыку трывогі і суіцыдальных думак. Калі мозг не паспявае апрацоўваць эмоцыі, дзецям цяжка спраўляцца са стрэсам і ціскам», - сказаў Форссмед.

Міністр нагадаў, што недасыпанне выклікае цяжкасці ў навучанні. Ён спасылаецца на высновы спецыялістаў аб тым, што 14-гадоваму падлетку дастаткова 10 дзён умеранага недасыпання, каб яго працоўная памяць адпавядала ўзроўню 10-гадовага.

Яшчэ адзін тэзіс навукоўцаў заключаецца ў тым, што дзеці і падлеткі, якія празмерна карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі, падвяргаюцца нездароваму ціску, звязанаму з іх знешнім выглядам, што прыводзіць да незадаволенасці ўласным целам. У выпадку з маленькімі дзецьмі празмернае выкарыстанне экрана спрыяе ўспышкам гневу.

Агляд даследаванняў Упраўлення аховы здароўя таксама паказаў, што дзеці з псіханеўралагічнымі дыягназамі больш уразлівыя да негатыўных наступстваў выкарыстання лічбавых носьбітаў.

Форсмед падкрэсліў, што вынікі апытання паказалі, што маладыя людзі ў Швецыі прызнаюць, што занадта часта карыстаюцца экранамі і не могуць сябе абмежаваць.

«Па гэтай прычыне мы вырашылі выдаць рэкамендацыі для бацькоў і апекуноў», — растлумачыў ён.

Рэкамендацыі Упраўлення аховы здароўя, апублікаваныя ў пачатку верасня, паказваюць, што

  • дзеці ва ўзросце 0-2 гадоў не павінны карыстацца смартфонамі і планшэтамі наогул, ва ўзросце 2-5 гадоў — не больш за адну гадзіну ў дзень, а ва ўзросце 6-12 гадоў — 1-2 гадзіны ў дзень.
  • Падлеткам ад 13 да 18 гадоў можна карыстацца экранам 2-3 гадзіны ў дзень.
  • Яшчэ адна важная рэкамендацыя — перастаць глядзець на тэлефон перад сном і пажадана пакінуць лічбавыя прылады па-за межамі спальні.

Згодна са шведскімі ўладамі аховы здароўя, дзецям да 13 гадоў не варта мець смартфоны, і ім не трэба карыстацца праграмамі, заснаванымі на алгарытмах падказкі кантэнту.

На пытанне, як рэалізаваць гэтыя абмежаванні на практыцы, Форссмед адказаў, што яму зразумелыя цяжкасці справы. «Галоўнае — з чагосьці пачаць. Настаўнікі і бацькі гавораць аб нашых рэкамендацыях у школах, і мы бачым, што сітуацыя іншая, чым да іх апублікавання. Статыстыка паказвае, што ў верасні менш дзяцей да 13 гадоў карысталася TikTok», - падкрэсліў ён.

У снежні Міністэрства аховы здароўя Швецыі плануе выдаць дапаможнік для бацькоў. У той жа час урад Швецыі рыхтуе пастановы аб увядзенні забароны на выкарыстанне мабільных тэлефонаў у школах. Аднак многія аб'екты ўжо самастойна ўводзяць такія абмежаванні.

PAP/вх