Брусельская карэспандэнтка Польскага радыё Бэата Пламэцка высветліла, што кампрамісная прапанова абысці вета Венгрыі яшчэ не прынятая, хоць кіраўнік дыпламатыі Еўрасаюза спадзяваўся на пагадненне ў наступны панядзелак.
План Жазэпа Барэля прадугледжваў, што замест абавязковых будуць добраахвотныя адлічэнні ў фонд, з якога краіны потым будуць атрымліваць кампенсацыю за пастаўленую Украіне зброю. Гэта азначала б, што Венгрыя, якой унёсак і без таго невялікі, крыху больш за 1 працэнт, будзе выключаная з гэтых плацяжоў, але астатнія краіны будуць працягваць фінансаваць фонд і прымаць рашэнне аб яго павелічэнні.
Аднак пасля першапачатковага станоўчага прыёму ўзніклі праблемы. Некаторыя краіны баяліся стварыць прэцэдэнт, абыходзячы рашэнне, якое патрабуе аднагалоснасці, а некаторыя выказвалі асцярогі, што калі ўнёскі будуць добраахвотнымі, не знойдзецца жадаючых фінансаваць фонд. Пакуль што плацяжы надалей заблакаваныя, і без пераканання Венгрыі зняць вета гэта не зменіцца.
IAR/яс