Міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Дэвід Лэмі напісаў лісты падтрымкі тром актывістам у Сусветны дзень правоў чалавека, які адзначаецца 10 снежня. Сярод адрасатаў - нобелеўскі лаўрэат, беларускі палітвязень Алесь Бяляцкі.
Тэкст ліста публікуе пасольства Вялікабрытаніі ў Беларусі. У ім гаворыцца, што Вялікабрытанія ўважліва сочыць за лёсам Бяляцкага і яго паплечнікаў-праваабаронцаў з часу іх арышту ў 2021 годзе.
«Вашы шматгадовыя намаганні як заснавальніка мінскага праваабарончага цэнтра «Вясна» па падтрымцы палітвязняў, дакументаванні парушэнняў правоў чалавека і закліках да дэмакратыі адлюстроўваюць каштоўнасці Вялікабрытаніі ды надзеі для Беларусі. Прысуджэнне вам Нобелеўскай прэміі міру ў 2022 годзе сімвалізуе вашу адвагу і значнасць вашай працы», - зазначыў у лісце Дэвід Лэмі.
Ад імя афіцыйнага Лондану кіраўнік брытанскага знешнепалітычнага ведамства выказаў салідарнасць з Бяляцкім і іншымі беларусамі- ахвярамі рэпрэсій. Ён заклікаў рэжым Лукашэнкі вызваліць усіх палітычных зняволеных, а Бяляцкаму пажадаў сіл і трываласці.
Кіраўнік «Вясны» быў затрыманы 14 ліпеня 2021 года. Яго абвінавацілі ў «кантрабандзе» і «фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», і прыгаварылі да 10 гадоў калоніі. Ні па адным з артыкулаў, якія былі выстаўленыя судом, Алесь Бяляцкі не прызнаў віны.
У снежні 2022 года, ужо знаходзячыся за кратамі, Алесь Бяляцкі быў узнагароджаны Нобелеўскай прэміяй міру.
У маі 2023 года кіраўнік «Вясны» быў этапаваны ў папраўчую калонію №9 у Горках. Гэтая калонія мае дурную славу, дзе зняволеныя, асабліва паводле палітычных артыкулаў, зазнаюць сапраўдныя катаванні.
У канцы верасня бягучага года Алесю Бяляцкаму споўніліся 62 гады.
вс