Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон прыбыў на архіпелаг Майота ў Індыйскім акіяне. Катастрафічны шторм, які стаў наймацнейшым за апошнія 90 гадоў, спустошыў востраў у выходныя.
Макрон зробіць аблёт пацярпелай тэрыторыі і ацэніць маштабы ўрону, нанесенага цыклонам «Шыда». Французскі прэзідэнт таксама наведае разбураны квартал і бальніцу.
Урад Францыі аб'явіў рэжым выключнага стыхійнага бедства і замарозіў цэны на спажывецкія тавары на архіпелагу.
З французскага вострава Рэюньён, які таксама размешчаны ў Індыйскім акіяне, запушчаны «марскі мост», па якім у нядзелю на архіпелаг будзе адпраўлена каля 200 кантэйнераў. Груз будзе ўключаць у сябе эквівалент «мільёнаў літраў вады», як паведамілі ўлады Рэюньёна. Дзякуючы гэтаму, паводле іх, дэфіцыту бутыляванай вады не прадбачыцца.
Паводле афіцыйных звестак, у выніку ўрагану на Маёце загінуў сама меней 31 чалавек, аднак хутчэй за ўсё колькасць ахвяр значна ўзрасце, паколькі частку насельніцтва вострава складаюць незарэгістраваныя мігранты. «Гэта масавыя магілы пад адкрытым небам», - такімі словамі апісалі стан трушчобаў прадстаўнікі мясцовых уладаў у размове з Макронам.
Праз пяць дзён пасля ўдару цыклона службы экстраннай дапамогі ўсё яшчэ не могуць дабрацца да ўсіх раёнаў архіпелага.
Маёта – востраў, які належыць Францыі, размешчаны ў Каморскім архіпелагу ў Індыйскім акіяне, на захадзе ад Мадагаскара. Ён мае статус заморскага дэпартаменту Францыі.
вс